У гэтым годзе Беларускай Інтэрнэт Бібліятэцы
Kamunikat.org споўніцца
25 гадоў!Будуць новыя кнігі, перавыданні і аудыякнігі! Новымі публікацыямі папоўняцца рэсурсы інтэрнэт бібліятэкі.
Фонд Kamunikat.org адзначыць гэты юбілей між іншым выданнем чарговых беларускіх кніг. Ужо неўзабаве з’явіцца другое выдане раману
Уладзіміра Някляева „
Гэй Бэн Гінон”.
„З гэтай кнігі, дарэчы, у 2021 годзе пачалася наша выдавецкая дзейнасць – гаворыць кіраўнік Фонду
Яраслаў Іванюк. – Мы правялі тады шэраг прэзентацыяў з удзелам Аўтара і
Змітра Вайцюшкевіча. Раман карыстаўся вялікай папуларнасцю і цяпер прыйшоў час зрабіць другое выданне, бо падчас розных кірмашоў чытачы пытаюць пра гэтую кнігу”.
«
Гэй Бэн Гіном» гэта значыць: «Геена вогненная». Гэта раман пра Беларусь і беларусаў. Пра Янку Купалу. Пра ягоны лёс, таямніцу ягонай гібелі ў гатэлі «Масква». І аўтар вядзе нас да гэтай таямніцы. Але ці адкрывае яе паўнасцю..?
Апрача гэтага мы аддалі у друк новы раман
Андрэя Федарэнкі „
Сцэнарыст”, у якім аўтар працягвае тэму аналізу прыроды творчасці, пачатую ў папярэдняй яго кнізе „
Жэтон на метро”. Сюжэт закручаны па–майстэрску, тэкст насычаны жыццёвай філасофіяй, трапнымі выразамі і назіраннямі. „
Сцэнарыст” – сапраўдны дэтэктыў і адначасова драма з непрадказальным фіналам.
Неўзабаве выйдзе таксама кніга
Лавона Карповіча „
Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства”. Гэта будзе незвычайнае падарожжа ў гісторыю нашай краіны. Таму ў кнізе можна сустрэць тое, чаго няма ў навуковых выданьнях, але і адсутнічаюць многія падзеі, бо іх няма на марках. Кніга для зацікаўленых гісторыяй
Вялікага Княства Літоўскага і для філятэлістаў, як дапаможнік па стварэньню калекцыі.
Урэшце, у нас трываюць таксама працы над падрыхтоўкай зборніка п’есаў выдатнага беларускага драматурга, сябры журы Прэм’і ім’я Ежы Гедройця,
Сяргея Кавалёва „
Камедыя Юдзіфі”. У кнігу ўвойдуць новыя п’есы Сяргея Кавалёва, напісаныя ў розных жанрах: гістарычная драма, філасофская камедыя, містычны дэтэктыў, гарадское фэнтэзі, казка–прыпавесць. Верны свайму герменеўтычнаму метаду, драматург плённа выкарыстоўвае ў сваіх п’есах матывы і сюжэты беларускай і сусветнай літаратуры, побач з героямі класічных твораў выводзіць на сцэну іх аўтараў (Яна Баршчэўскага, Вацлава Ластоўскага і інш.), запрашае чытача, а потым і гледача ў падарожжа праз краіны, эпохі, культуры.
Чакайце нашых новых кніг! Усе яны будуць даступныя ў нашай інтэрнэт-кнігарніі
Kamunikat.shop
Крыніца: Kamunikat.org