«Савецкая Беларусь» пад рэдакцыяй Міхася Чарота». Новая кніга Ганны Севярынец


"Савецкая Беларусь" пад рэдакцыяй Міхася Чарота" - гэта шыкоўны фаліянт дакументальнай прозы, які апісвае 1924-1929 гады - перыяд беларусізацыі і адносна лагоднай савецкай рэдактуры - праз прызму бачання перыёдыкі таго часу і яе супрацоўнікаў.

Сама аўтарка сцвярджае, што "свядома не ўключала туды матэрыялы з першых палос, і там няма тагачаснай палітыкі. Ёсць - жыццё горада і вёскі. Лёсы простых людзей. Ёсць тагачасны крымінал. Ёсць - развагі пра беларусізацыю і нацыянальную культуру".

У кнізе маецца пяць алфавітных паказальнікаў і вялікі архіўны дадатак (рэдакцыйная кніга загадаў, выбранае ліставанне з дзяржорганамі і ўспаміны тэхнічных газетных работнікаў).

"Савецкая Беларусь" пад рэдакцыяй Міхася Чарота" выйшла за мяжой, дзе яе і можна будзе набыць. Перш за ўсё - на фестывалі інтэлектуальнай кнігі "Прадмова" ў Берліне, але сайт Bellit.info паведамляе, што набыць кнігу можна таксама ў цэнтры Варшавы, у беларускай кнігарні “Чабор” (Oleandrów 6/2, папярэдне тэлефануйце або пішыце ў тэлеграм @veryvalaі).

Магчымая перасылка па Польшчы і усім свеце. Два разы на месяц ажыццяўляецца дастаўка кніг кур’ерам у Менск.

Аўтарская старонка Ганны Севярынец на сайце электроннай бібліятэкі "Камунікат" - ТУТ.

Загалоўнае фота - з фэйсбука Ганны Севярынец.
Крыніца: Камунікат