Дыялектолаг Мірослаў Янковяк: Пад Вільняй вёскі ўтвараюць скансэн беларускіх, польскіх і літоўскіх гаворак


У Вільні і Варшаве выйшла кніга польскага дыялектолага Мірослава Янковяка Współczesne gwary białoruskie na Litwie. Tom 1. Rejon orański.

Польскі дыялектолаг Мірослаў Янковяк працягвае даследаваць беларускія гаворкі на тэрыторыі Літвы. Вынікамі сваіх пошукаў ён па традыцыі дзеліцца перш за ўсё са слухачамі Беларускай рэдакцыі Польскага радыё. Фармальна летась у Вільні, але фактычна сёлета, у верасні, у Варшаве выйшла чарговая кніга польскага дыялектолага Мірослава Янковяка Współczesne gwary białoruskie na Litwie. Tom 1. Rejon orański ("Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 1. Варанскí раён").

У манаграфіі апісваецца беларускі дыялект жыхароў 11 вёсак на граніцы Літвы з Беларуссю: Балбутай, Ракай, Кальвяй, Парамеліс, Катра, Рудня, Дубічай, Крывіляй, Кіючай, Камараўцішкес, Разумна. Вучоны іх наведаў у 2014 і 2023 гг. Можна з упэўненасцю сказаць, што Янковяк запісаў гаворку апошніх з магікан — апошніх беларускамоўных жыхароў гэтага рэгіёна, размешчанага паміж гарадамі Варанá (Varėna) і Ліда.

Кніга, у якой апісана і класіфікавана мова беларускамоўных жыхароў гэтага кутка, выйшла ў выдавецтве Інстытута літоўскай мовы ў Вільні ў электронным выглядзе. Але польскі даследчык парупіўся пра тое, каб надрукаваць яе ў Варшаве за ўласны кошт. Гэта надзвыйчай важна для захавання яго працы і ведаў пра беларускую мову ў Літве. Аўтар апісвае даследаваны рэгіён, сацыялінгвістычную сітуацыю ў ім, фанетычныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці тамтэйшай беларускай мовы, яе лексіку, уплывы літоўскай, польскай, рускай моў.

Współczesne gwary białoruskie na Litwie будзе шматтомным выданнем. У наступных кнігах будуць прадстаўлены іншыя раёны, дзе распаўсюджана беларуская мова ў Літве: Шальчынінкскі (Салечніцкі), Вільнюскі (Віленскі), Тракайскі (Троцкі), Швянчонскі (Свянцянскі) і Ігналінскі.

Мірослаў Янковяк невыпадкова ажыццяўляе свой праект у Інстытуце літоўскай мовы. Ён перш за ўсё апрацаваў матэрыялы па Варанскíм раёне Літвы, а да гэтага яго падштурхнула слабая вывучанасць беларускіх гаворак данага рэгіёна.

Янковяк рыхтуе наступны том — пра беларускія гаворкі Шальчынінкскага (Салечніцкага) раёна Літвы. Сёлета Янковяк наведаў ваколіцы Дзявянішкес, мястэчка ў Шальчынінкскім раёне, дзе таксама пачуў і запісаў беларускія гаворкі.

Мірослаў Янковяк: — Там вёскі ўтвараюць свайго роду “скансэн” гаворак. Гэта цікавая тэрыторыя і для беларусістаў, і для паланістаў, і для літуаністаў.

Мірослаў Янковяк на памежжы Літвы і Беларусі адрознівае беларускія дыялекты ад польскіх, якія тут таксама шырока прадстаўлены, карыстаючыся інструментарыем, які распрацаваны сучаснай лінгвістыкай.

Віктар Корбут
Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё