Наста Кудасава: Займацца творчасцю на эміграцыі няпроста


Пэтка Наста Кудасава стала лаўрэаткай прэміі імя Наталлі Арсенневай. “Найлепшай паэтычнай кнігай 2022 года” прызнаная яе ілюстраваны збор вершаў “Побач”.

Наколькі гэтая ўзнагарода была чаканай для Насты Кудасавай? Ці складана пісаць вершы ў эміграцыі? І ці цяжка быць беларускім паэтам? На гэтыя і іншыя пытанні адказала паэтка Наста Кудасава ў гутарцы з Юліяй Сівец.

Наста Кудасава: Для мяне гэта сапраўды такая вялікая нечаканая прыемнасць. Па-першае, прэмія вельмі прэстыжная, усё такі гэта адна з такіх галоўных прэмій сёння, мне здаецца. Хацелася аднойчы яе атрымаць. У мяне была такая думка, што можа быць некалі. Але сёлета быў такі зорны склад удзельнікаў. Проста быць там сярод іх было само па сабе перамогай. У прынцыпе мне было прыемна, што маю кнігу адзначылі, яна была разам з кнігай Альгерда Бахарэвіча і Вальжыны Морт намінаваная. Гэта ўжо было даволі годна і прыемна. Я спадзявалася, што можа быць і я таксама атрымаю штосьці.

РР: Наколькі цяжка пісаць вершы ў эміграцыі?

Наста Кудасава: Я не думаю, што тут ёсць сэнс казаць пра тое, што гэта верш, альбо проза. Мне здаецца, што ў прынцыпе займацца творчасцю на эміграцыі няпроста. Нават не таму, што ты адарваны ад нейкага кантэксту, бо шчыра кажучы на Беларусі таксама не было асабліва нейкага культурнага кантэксту, куды ты мог быць упісаным. Але тут усё такі нашмат больш нейкіх побытавых клопатаў, нейкіх праблем. Трэба працаваць, зарабляць грошы. Я шчыра кажучы сябе адчуваю, часам такой разгубленай. Хочацца больш пісаць вершы, хочацца быць больш паэткай, а для гэтага трэба нейкі такі больш павольны рытм жыцця. Мне яго не хапае тут. Але я разумею, што я не адна такая, мы ўсе ў такіх умовах. Трэба проста неяк перабудоўвацца, мяняцца. Я стараюся сябе трымаць у тонусе.

РР: Якія вершы, якіх гадоў увайшлі ў гэтую кнігу?

Наста Кудасава: Гэтая кніга ў мяне задумвалася ў 2016 годзе. Так заўсёды здараецца, ты пішаш вершы і ў нейкі момант яны такое цела набываюць і робяцца такой паўнавартаснай кніжкай. Таму гэта вершы з 2016 года. Адзінае што гэтая кніжка вельмі доўга выкрышталізоўвалася. Спатрэбілася шмат гадоў. Я ўжо верыла, што яна выйдзе ў 2020. Потым мы былі ўпэўненыя, што ў 2021. Толькі напрыканцы 2022 года з’явіліся сігнальныя асобнікі, а ўжо ўвесь наклад увогуле толькі ў 2023 выйшаў. То бок увесь гэты час кніжка перастваралася. Апошнія тэксты там з 2020 года, 2016 па 2020. Недзе так, калі не памыляюся, сабраныя. Гэта такі разнапланавы тэкст, мне хацелася ў яе змясціць усё пражытае за гэтыя гады. Было нейкае такое жыццё да 2020 года, потым было ўжо нейкае іншае жыццё, нейкае такое зламанае пасля 2020 года. Мне хацелася, каб гэтая кніга ўвабрала ўся ўсю гаму пачуццяў, якія мы ўсе перажылі, я асабіста.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя
Фота з фэйсбука Насты Кудасавай
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя