Алесь Бяляцкі сустракае чарговы Дзень народзінаў за кратамі


Алесь Бяляцкі – грамадскі дзеяч, праваабаронца, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», які ўжо шмат гадоў дапамагае рэпрэсаваным беларусам. Сёння, 25 верасня, Нобелеўскі лаўрэат сустракае за кратамі свой чацвёрты,  а ўлічваючы папярэдняе зняволенне, — ужо сёмы Дзень народзінаў.

Ад рок-гурта да правааборонцы

У 80-х гадах Алесь вучыўся ў Гомелі на гісторыка-філалагічным факультэце. У гэты перыяд ён захапіўся ідэяй папулярызацыі беларускай мовы і культуры.

«Мы збеларусіліся канчаткова і беспаваротна», – узгадваў ён.


Студэнцкі рок-гурт «Баскі»

У студэнцкія гады Алесь быў удзельнікам рок-гурта «Баскі»: творы музыкі пісалі на беларускай мове, а хітом стала песня з словамі: «Толькі так! Свой трымай кірунак! Толькі так! У гэтым наш ратунак! Толькі так!»

З 1989 па 1998 год Бяляцкі працаваў у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці Алесь стаў дэпутатам Мінскага гарадскога Савета і быў ім да ажно да 1996 года. У гэтым жа годзе ён і заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна».

Крымінальны пераслед і Нобелеўская прэмія

У 2011 годзе Алесь быў арыштавана па крымінальнай справе і прызнаны палітвязнем. Тады за кратамі ён правёў 4 гады.

Другі раз Бяляцкага арыштавалі ў 2021-м: ён атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць, не патускнелі. Яны заўжды са мной, і я ахоўваю іх, як магу. Яны – як адлітыя з золата, і іх не бярэ іржа», – пісаў праваабронца з-за кратаў у сваёй Нобелеўскай лекцыі.

У 2022 годзе Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міра, разам з украінскім «Цэнтрам Грамадзянскіх Свабод» і расійскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял». Бяляцкі стаў другім лаўрэатам з Еўропы, які атрымаў узнагароду за кратамі. Першым быў Карл фон Асецкі ў 1935 годзе, які быў ворагам нацысцкай Германіі.

Падтрымка

У падтрымку Алеся Бяляцкага выказваліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, а таксама еўрапейскія палітыкі.

Сябры і паплечнікі Алеся Бяляцкага ладзяць акцыі салідарнасці з ім. 

Напісаць ліст Алесю Бяляцкаму можна па адрасе: калонія № 9. 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16,  Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму.
Крыніца: Будзьма беларусамі!