Ігар Станкевіч: Хочам выпрацаваць з палякамі супольную пазіцыю наконт 1939 году


Новыя даследаванні, гістарычныя выступы, папулярызацыя беларускай гісторыі і не толькі гэта. «Беларускі інстытут публічнай гісторыі», які на сёння яднае каля двух дзясяткаў гісторыкаў і даследчыкаў, атрымаў афіцыйную рэгістрацыю ў Польшчы.

Пра бліжэйшыя планы інстытута распавядае старшыня праўлення, даследчык сталінскіх рэпрэсій Ігар Станкевіч:

РР: Літаральна днямі Беларускі Інстытут Публічнай Гісторыі атрымаў афіцыйную рэгістрацыю ў Польшчы, з чым Вас віншуем. Наколькі гэта сапраўды важная падзея акрамя гэтага дакументу, які сведчыць пра рэгістрацыю? Што гэта змяняе ў дзейнасці Інстытута?

– Галоўнае, што ў нас цяпер зʼяўляецца афіцыйная рэгістрацыя, мы можам весці перамовы з рознымі донарамі. Будзем закладаць банкаўскі рахунак, і можам ужо супрацоўнічаць з рознымі донарамі і партнёрамі. Гэта вельмі добра, таму што па сённяшні дзень гэта было ў пэўнай ступені значанае абмежаванне. Бо калі мы бачылі нейкі конкурс, то адной з галоўных умоваў была афіцыйная рэгістрацыя, таму мы пад такі конкурс не падпадалі. І гэта значыць, што мы бліжэйшым часам можам пачаць працаваць больш прафесійна, не як валанцёры, як гэта было цягам апошняга году. Гэта вельмі важна і істотна для нас усіх.

РР: Ці ў Вас будзе нейкі асобны напрамак звязаны з тым, што арганізацыя базуецца ў Польшчы? Бо ёсць вельмі шмат беларуска-польскіх гістарычных пытанняў надалей не даследаваных. У тым ліку яшчэ ў Воршы займаліся даследаваннем расстраляных на Кабыляцкай Гары, у тым ліку палякаў. Ці будзе працягвацца такі кірунак дзейнасці?

– Так, мы плануем шчыльна супрацоўнічаць з польскімі арганізацыямі і інстытуцыямі, якія займаюцца гісторыяй. У нас ёсць ідэя правесці шэраг круглых сталоў з польскімі калегамі па спрэчных гістарычных пытаннях. Так што гэта сапраўды нашая перспектыва.

РР: А якія пытанні найбольш спрэчныя, якія варта было бы абмеркаваць?

– Мы накідалі шэраг пытанняў, зараз няма спісу пад рукой, але тым не менш. Нам хацелася б выпрацаваць нейкую супольную пазіцыю наконт 1939 году, 17 верасня. Зараз у Беларусі як усе ведаюць гэтая дата адзначаецца як «Дзень абʼяднання», але для польскага боку, і для шэрагу людзей, якія жылі на тэрыторыі Заходняй Беларусі гэта быў вельмі складаны перыяд, таму што там былі і дэпартацыі, і высылкі пасля вайны. Была і калектывізацыя, і частка людзей зʼехала з Заходняй Беларусі, была такая магчымасць. Так што ёсць пра што размаўляць.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле.

Сачыць за дзейнасцю «Беларускага інстытута публічнай гісторыі» можна праз яго каналы ў Тэлеграме і Youtube.

Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя