Святлана Алексіевіч: «Наступнай акцыяй павінна быць патрабаванне ўбачыць нашых лідэраў — Віктара Бабарыка, Марыю Калеснікаву, Максіма Знака»


12 ліпеня група лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі апублікавала адкрыты зварот да Лукашэнкі, у якім віталася «прыняцце закона аб амністыі і першыя крокі па вызваленні цяжка хворых зняволеных у Беларусі».

У дакуменце, які на момант напісання гэтага артыкула змацаваў подпісам 61 лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, а таксама ў галіне дакладных навук і літаратуры, адзначаецца: «Правядзенне ўсеагульнай палітычнай амністыі і вяртанне да міжнародна-прызнаных нормаў права і прынцыпаў гуманізму стане найважнейшым палітычным актам, які сімвалізуе новы этап у гісторыі Беларусі. Мы спадзяемся, што наш заклік, як і галасы іншых людзей добрай волі, будзе пачуты, і гэты крок закладзе падмурак для пачатку працэсу нацыянальнай згоды і прымірэння.

Усе грамадзяне, якія пацярпелі за свае погляды, актыўную грамадзянскую пазіцыю і пратэстныя дзеянні, заслугоўваюць свабоды».

Карэспандэнт Рускай службы Голасу Амерыкі пагутарыла з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год Святланай Алексіевіч, чый подпіс стаіць першым пад адкрытым лістом.

Яна назвала выхад на волю дзесяці палітвязняў «першым крокам» на шляху да поўнага вызвалення вязняў сумлення.


— Я рада, што гэта здарылася, праўда, там мы не ўбачылі тых людзей, пра якіх нічога не чуем ужо два гады. Гэта было вельмі асцярожнае дзеянне, але дзякуй богу, што гэта пачалося. Я спадзяюся, што пачалося, — удакладніла Святлана Алексіевіч.

Пісьменніца дадала, што яна размаўляла на гэтую тэму са сваімі калегамі.

— Усе хочуць нешта зрабіць для людзей, якія знаходзяцца ў турме ўжо працяглы час. І ўсе гатовы нешта рабіць. Але наколькі нашыя лісты моцныя, наколькі нашыя словы дзейнічаюць?

Я спадзяюся, што яны больш дзейнічаюць на грамадства, на грамадскую атмасферу страху, у якой жыве беларускі народ. Сказаць, што мы напісалі ліст і людзей пачалі адпускаць, нельга, але мы зрабілі ўсё, што было ў нашых сілах.

Мы можам толькі пісаць. Я не ведаю, што ў нас ёсць, акрамя слова і гэтых лістоў. Але я думаю, што наступнай акцыяй павінна быць патрабаванне ўбачыць нашых лідэраў — Віктара Бабарыка, Марыю Калеснікаву, Максіма Знака. Каб мы даведаліся, ці жывыя яны.

Ужо каля двух гадоў ніхто нічога пра іх не чуў. Мікола Статкевіч таксама вельмі моцны чалавек, але мы вельмі баімся за іх, яны ж усе там хварэлі — Маша Калеснікава была хворая і ёй нават зрабілі аперацыю, Бабарыка быў хворы, а ён і так не вельмі здаровы чалавек. Саша Фядута таксама сядзіць больш за тры гады, а ён выключна хворы чалавек. І Алесь Бяляцкі таксама, а мы нічога пра іх не чуем.

Свой кароткі каментар Святлана Алексіевіч падсумавала так:

— Пералічваеш гэтыя імёны, і становіцца страшна — як іх шмат! А нас яшчэ больш, і мы бяссільныя.
Крыніца: Будзьма беларусамі!