З’явіўся сайт для абмену беларускімі кнігамі па ўсім свеце


У сеціве запрацаваў сайт з назвай “Старонкі”, які пазіцыянуецца стваральнікамі як першая глабальная платформа для беларускага буккросінгу і ўсеагульная размеркаваная бібліятэка. Каманда праекту, раскіданая па ўсім свеце ад Германіі да Аўстраліі, кіруецца агульнай мэтай: зрабіць беларускую кнігу больш даступнай для чытача.

На “Старонках” аматары беларускай літаратуры з усіх куткоў свету маюць доступ да багатай калекцыі прыватных беларускіх кніг, а таксама могуць знайсці бібліятэкі і крамы з беларускімі кнігамі паблізу.


“З нашай дапамогай ты зможаш знайсці беларускія кнігі ў сваёй мясцовасці, пазнаёміцца з беларускімі аматарамі літаратуры. Больш не абавязкова замаўляць кнігі, аплочваць дарагую перасылку і доўга чакаць”, — сказана на сайце.

Першыя карыстальнікі рэсурсу ўжо дадалі 50 кніг і здзейснілі 4 абмены.

Як сказана ў правілах карыстання, “Старонкі з’яўляюцца выключна платформай, на якой чытачы маюць магчымасць знайсці ці прапанаваць кніжкі для пазыкі, продажу альбо ў якасці падарунку. Мы не можам паўплываць на пратэрмінаваную пазыку. Платформа не нясе адказнасці за згубленыя ці пашкоджаныя кнігі. Платформа не рэгулюе кошты на прапанаваныя кнігі і не ўмешваецца ў фінансавыя транзакцыі”.


Стваральнікі “Старонак” кажуць, што імкнуцца сачыць за актуальнасцю інфармацыі пра бібліятэкі і крамы з беларускімі кнігамі на старонцы з мапай, аднак часам могуць не паспяваць даведацца пра змены своечасова. Таму выбачаюцца за любыя недакладнасці і будуць удзячныя за паведамленне пра іх на адраc падтрымкі staronki.space@gmail.com.
Крыніца: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў