Франкенштайн — фантастычны і філасофскі раман


У новым выпуску на аўтарскім YouTube-канале выкладчык і паэт Андрэй Хадановіч чытае лекцыю пра культавы раман ангельскай пісьменніцы Мэры Шэлі “Франкенштайн, або Сучасны Праметэй”. Раман быў напісаны на пачатку ХІХ стагоддзя, але дагэтуль натхняе творцаў па ўсім свеце. Экранізавалі гэты сюжэт больш за 170 разоў.

Андрэй Хадановіч расказвае ў відэа:

як звязаныя Дзень Франкенштайна і Ноч расстраляных паэтаў у Беларусі;
што натхніла аўтарку ў 18 год на напісанне “Франкенштайна” і да чаго тут Джордж Байран;
як прасунутыя бацькі Мэры Шэлі паўплывалі на яе адукацыю;
чаму Мэры Шэлі выдала раман ананімна;
у чым агульная праблематыка твораў Мэры Шэлі і Сэмюэля Тэйлара Колрыджа;
“Стварэнне – Франкенштайн” і “Чалавек – Бог” – ці ёсць паралелі ўзаемаадносінаў у творы;
Гуінплен і Франкенштайн: чаму грамадства не гатовае прыняць чалавека, які адрозніваецца;
якія фільмы пра Франкенштайна варта паглядзець;
“Франкенштайн” па-беларуску: ад папяровага варыянту да аўдыёверсіі кнігі на “Кніжным возе” (слухаць тут).


Вось некалькі думак з відэа:

“У кнізе апісваецца стварэнне штучнага чалавека, але адсутнічае сама тэхналогія. Так, амбітны навуковец спачатку цікавіцца сярэдневечнымі алхімікамі, потым вучыцца ва ўніверсітэце Інгольштадта і спасцігае фізіку, хімію і іншыя навукі, але разам з тым пісьменніца знаходзіць сюжэтнае алібі, каб ва ўсіх падрабязнасцях не раскрываць навуковых таямніц, тэхналагічных дэталяў стварэння чалавека. Ейны герой Віктар Франкенштайн не робіць гэтага з этычных меркаванняў, каб каму-небудзь не прыйшло да галавы паўтарыць ягоны подзвіг. І тут мы прыходзім да філасофскай праблематыкі. Наогул перад намі, найперш, філасофскі раман пра адказнасць: адказнасць навукоўца за сваё стварэнне, адказнасць за этычнасць і неэтычнасць сваіх эксперыментаў, адказнасць перад тым, каго ты ствараеш, адказнасць перад людзьмі, адказнасць перад Богам, калі мы прызнаем наяўнасць гэтай інстанцыі”.

“Бог, паводле Сатаны, стварае свет і чалавека недасканалымі. Чалавек спакушаецца прыпадобніцца да Бога, у пэўным сэнсе адпомсціць яму за сваю недасканаласць. Усе гэтыя матывы ёсць у Шэлі – у адносінах нашага штучнага чалавека да свету, да Бога. Але хто ёсць Богам для гэтага Стварэння? Безумоўна, навуковец, ягоны бацька Віктар Франкенштайн. Ён нясе адказнасць, у пэўным сэнсе Стварэнне прад’яўляе богаборчыя прэтэнзіі свайму стваральніку. Можна сказаць, перад намі алегорыя чалавека, які паўстае на Бога”.
Крыніца: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў