У Лондане пройдзе выстава творчасці беларускіх палітвязняў


Вечарына мастацтва, кіно і актывізму пад агульнай назвай «Лісты палітвязняў Лукашэнкі» пройдзе 5 жніўня ў Лондане. Мерапрыемства ладзіць «Індэкс цэнзуры» — структура, якая выступае за свабоду выказвання меркаванняў. Арганізатары правядуць выставу творчасці беларускіх палітвязняў і пакажуць фільм «Выпадковы прэзідэнт» пра Святлану Ціханоўскую.

Акцыя прысвечаная лёсавызначальным падзеям 2020 года ў Беларусі, калі Лукашэнка сілай падавіў масавыя пратэсты, каб застацца пры ўладзе. Маштабныя і жорсткія рэпрэсіі цягнуцца ўжо чатыры гады, у беларускіх турмах сядзяць больш за 1400 палітвязняў (Каардынацыйная рада прыводзіць зусім іншую лічбу вязняў – больш за 5 тысяч) – але палітычнаму крызісу не відаць ні канца ні краю.

Назва выставы «Лісты палітвязняў Лукашэнкі» гаворыць сама за сябе: гэта мастацкія пасланні з‑за кратаў, бо часам толькі так ўдаецца падтрымліваць сувязь са свабодай. Звычайныя беларусы, кінутыя за краты толькі таму, што асмеліліся ці кінуць выклік рэжыму Лукашэнкі, ці проста крытыкавалі яго, у лістах на волю часта адпраўляюць малюнкі і вершы, якія ў выніку і ўвайшлі ў экспазіцыю.

Выставу стварыла і курыруе Марта Хегарці па замове Індэкса цэнзуры. Яе асновай паслужыў праект «Лісты вязняў Лукашэнкі», зроблены Індэксам цэнзуры сумесна з Беларускім Свабодным тэатрам, фондам «Дом правоў чалавека» і рэсурсам Politzek.me у перыяд з 2021 па 2023 гады.

Падчас акцыі Roast Beef Productions пакажа фільм «Выпадковы прэзідэнт» пра Святлану Ціханоўскую. Ніхто не думаў, што маладая хатняя гаспадыня, маці дваіх дзяцей пяройме палітычную эстафету свайго мужа Сяргея Ціханоўскага, арыштаванага яшчэ за тры месяцы да выбараў-2020.

Менавіта Святлана Ціханоўская перамагла падчас прэзідэнцкай кампаніі і стала сімвалам шматтысячных пратэстаў 2020 года. Нягледзячы на спецаперацыю рэжыму на чале з КДБ, якая мела на мэце выціснуць жанчыну за межы краіны, Ціханоўскую дагэтуль прымаюць на Захадзе як прэзідэнта-электа — прэзідэнта, які атрымаў электаральную перамогу.

Пасля фільма арганізатары зладзяць панэльную дыскусію, на якой плануецца абмеркаваць і стужку, і сітуацыю ў Беларусі.
Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў