У Варшаве пакажуць спектакль паводле твору Святланы Алексіевіч


Прэм’ера спектаклю запланаваная на канец бягучага года. Варшаўскія недзяржаўныя тэатры Polonia і Och-Teatr працуюць над сцэнічнай адаптацыяй вядомага твору «Час сэканд-хэнд» нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. 

Рэпетыцыі пачнуцца ў жніўні, напісала ў сваім блогу Крыстына Янда – славутая польская акторка.


Крыстына Янда фота: Przemysław Goławski/Polskie Radio

Прэм’ера спектаклю запланаваная на канец бягучага года. Хто выканае ролі ў спектаклі, пакуль не паведамляецца. Вядома, што адну з роляў будзе іграць вядомы польскі актор Адам Фэрэнцы.


Адам Фэрэнцы на Польскім радыё фота: Piotr Podlewski/Polskie Radio


«Час сэканд-хэнд» – дакументальна-нарысны твор беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч. Кніга з'яўляецца пятай часткай мастацка-дакументальнай серыі «Галасы ўтопіі».

Тэатр Polonia быў заснаваны ў 2005 годзе Культурным фондам Крыстыны Янды. Фонд таксама адказвае за працу ўстановы Och-Teatr, адкрытай у 2010 годзе. На культурнай карце польскай сталіцы абодва тэатры лічацца аднымі з найлепшых, а на яго сцэнах выступаюць найвядомейшыя польскія акторы.

Драматычныя адаптацыі твораў Святланы Алексіевіч ужо не раз прысутнічалі на тэатральных сцэнах у Польшчы, у прыватнасці, у Варшаве, Валбжыху, Шчэціне і Кельцах.





вс


Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё