Аляксандр Памідораў: “Тутака” – малады фестываль і ён набірае абароты


У прамым эфіры Радыё Рацыя з фестывалю “Тутака” пабываў Аляксандр Памідораў – музыка, радыёвядоўца, неаднаразовы ўдзельнік “Басовішча”, спаткаемцам якога з’яўляецца “Тутака”, ён таксама неаднаразова вёў “Басовішча”.

РР: Ці можам мы ўвогуле параўноўваць “Басы” і “Тутака”? Наколькі яны блізкія і наколькі розныя?

Аляксандр Памідораў: Увогуле, параўноўваць – гэта спрэчная справа. Ідэі розныя зусім. “Тутака” выглядае трохі шырэй, чым “Басовішча”, бо ўсё ж такі дзве сцэны і ёсць яшчэ магымасць альтэрнатыўнай сцэны. Якая, напрыклад, была ўчора і заўчора.

РР: Так, Беластоцкі музычны клуб адпальваў, і “Вольны мікрафон” працаваў.

Аляксандр Памідораў: Так, “Вольны мікрафон” – гэта вельмі добрая магчымасць для артыстаў і знаных, і якія толькі пачынаюць. І такую магчымасць цяжка пераацаніць. Шкада, што не так шмат людзей, як калісьці было, калі на “Басовішча” збіралася па 10 – 12 тысячаў чалавек. Але арганізатары “Тутака” аддзяляюць крыху “Басовішча”, і добра робяць.

РР: А візуальна, колькі ўдзельнікаў – гледачоў, слухачоў – было за гэтыя тры дні?

Аляксандр Памідораў: Я не буду ацэньваць, а скажу, што “Тутака” – досыць малады фестываль і ён набірае абароты і людзей прыязджае ўсё больш і больш. Я магу проста зазначыць, што людзей было больш, чым у мінулым годзе. І гэта спатканне з сябрамі, бо з’язджаемся цяпер ужо не толькі з розных месцаў Польшчы, а цэлай Еўропы.

РР: Так, у гэтым таксама вялікае адрозненне. Тады на “Басы” аўтобусамі ці цегнікамі з Беларусі ехалі, а цяпер гэта фактычна сустрэча беларускай дыяспары.

Аляксандр Памідораў: Фактычна амаль усёй еўрапейскай дыяспары, калі ўчора – заўчора я пабачыў маіх сяброў з Бельгіі, Нямеччыны, Англіі, Амерыкі – гэта проста эмацыйна вельмі файна.

РР: То бок, падыходзіць такое вызначэнне, як Усебеларускі пікнік?

Аляксандр Памідораў: Можна так. Дзякуй, арганізатарам, што мяне запрасілі. І так выйшла, што фактычна мне давялося адкрываць гэты фестываль.

РР: Дарэчы, Юрый Несцярэнка склаў Вам кампанію падчас выступу. Як увогуле ўтварыўся ваш дуэт?

Аляксандр Памідораў: Ён жыве ў Вільні. Мы, канешне, знаёмыя, але мы ніколі разам не гралі. І гэта быў сюрпрыз, гэта быў джэм і гэта было проста суперфайна. І, здаецца, публіцы гэта таксама спадабалася. Мы граем рок-н-рол, блюз – гэта нашае жыццё.

Цалкам гутарка - у далучаным файле!

Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя