Пачатак трынаццатага сезона прэміі імя Ежы Гедройця


З радасцю абвяшчаем адкрыццё прыёму заявак на прэмію імя Ежы Гедройця за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ў 2023 годзе.

Намінаваць кнігі для ўдзелу могуць аўтары, выдавецтвы, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ, аргкамітэт прэміі і сябры журы.

Для ўдзелу неабходна запоўніць адпаведную форму.

Заяўкі прымаюцца да 4 ліпеня 2024 года ўключна.

Звяртаем увагу, што ў статуце прэміі адбыліся змены. Падрабязней азнаёміцца з новымі ўмовамі можна ў абноўленым статуце і рэгламенце.

Патрон прэміі – Ежы Гедройць, вядомы публіцыст, палітык і паслядоўны прыхільнік добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай.

З 2012 года прэмія ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай і дакументальнай прозы і на сённяшні дзень яна стала галоўнай незалежнай літаратурнай узнагародай Беларусі. Пераможцы апошніх трох гадоў – Ева Вежнавец з кнігай «Па што ідзеш, воўча?» (2021), Сяргей Абламейка з творам «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая» (2022), Ганна Кандрацюк з працай «У прысценках старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (2023).

Арганізатары прэміі – Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Амбасады Польшчы і Польскага інстытута ў Мінску. 

Сачыць за навінамі прэміі можна на яе старонцы ў Facebook і Instagram і на сайтах арганізатараў. Дадатковыя пытанні пішыце на адрас giedroyc.by@gmail.com.

Запрашаем да ўдзелу і зычым поспеху ўсім удзельнікам!
Крыніца: Беларускі ПЭН