Расейцы зьнішчылі ў Харкаве выдавецтва, у якім выходзілі кнігі Алексіевіч


Дыпляматы, навукоўцы, журналісты, прадстаўнікі культуры і літаратуры заходніх краін заявілі аб сваёй падтрымцы харкаўскага выдавецтва Vivat, чыю друкарню абстралялі расейскія войскі. 24 траўня ў Харкаве абвясьцілі дзень жалобы.

Расейцы ў ноч на 23 траўня разбамбілі ў Харкаве выдавецтва — 7 супрацоўнікаў загінулі, 14 параненыя. Адна ракета трапіла ў цэнтар цэху. З чатырох тысяч квадратных мэтраў зруйнавалі больш за тысячу. Гэта быў найбольшы паліграфічны комплекс поўнага цыклю ў Эўропе, у ім друкаваліся амаль усе выдавецтвы Ўкраіны.

У гэтым выдавецтве ў 2016 і 2020 гадох выдалі ўкраінскія пераклады кніг нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч — «Останні свідки. Соло для дитячого голосу», «У війни не жіноче обличчя», «Чорнобильська молитва. Хроніка майбутнього».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі апублікаваў відэазапіс зруйнаванай друкарні.

«Удар Расеі па Харкаўскай вобласьці, у выніку якога загінулі і параненыя людзі, зруйнаваная друкарня і спалена 50 тысяч кніг, дэманструе, што Расея ваюе з чалавечнасьцю і ўсімі аспэктамі нармальнага жыцьця. Расейскія тэрарысты забіваюць дарослых і дзяцей, руйнуюць гарады і вёскі, пакідаючы выпаленыя плямы там, дзе некалі было нармальнае жыцьцё», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Брытанскі гісторык, экспэрт па Ўсходняй Эўропе Тымаці Гартан Эш, кнігу якога нядаўна выдалі ва Ўкраіне, заявіў, што яго шакаваў абстрэл друкарні.

«Шакаваны, калі даведаўся, што друкарня ў Харкаве, дзе толькі нядаўна надрукавалі выданьне „Рідні землі“, пацярпела ад расейскай атакі, якая прывяла да ахвяр. Мы павінны больш абараняць Украіну», — напісаў ён на сваёй старонцы ў сетцы X (колішні Twitter).

Ягоны амэрыканскі калега, прафэсар гісторыі Ейльскага ўнівэрсытэту Тымаці Снайдэр назваў гэтую расейскую атаку яшчэ адным прыкладам «больш маштабнай палітыкі генацыду».

«Учора Расея абстраляла пэрліну сучаснай эўрапейскай культуры — харкаўскае выдавецтва Vivat, забіла супрацоўнікаў і падпаліла памяшканьне. Гэта прыклад больш маштабнай палітыкі генацыду», — напісаў ён на сваёй старонцы ў сетцы X.

Вядомая ўкраінская пісьменьніца Аксана Забужка перакананая, што друкарню разбамбілі «прыцэльна» менавіта тады, калі там рыхтавалі вялікія наклады да «Кніжнага арсэналу» — адной з найбольшых ва Ўкраіне кніжных выставак у Кіеве.

«„Фактор-друк“ разбамбілі роўна за тыдзень да „Кніжнага арсэналу“ — якраз тады, калі там тэрмінова дадрукоўваліся дзясяткі выдавецкіх навінак, як звычайна пад „Арсэнал“. Разбамбілі прыцэльна, каб гэтых кніжак не было. [...] І ўсё для таго, каб мы далей чыталі расейскае. Такое вось „принуждение к Булгакову“», — напісала пісьменьніца на старонцы ў Facebook.

Аксана Забужка выказала спачуваньні сем’ям загінулых і выдавецтву. Яна заклікала ўкраінцаў падтрымаць выдавецтва набыцьцём кніг, якія яны раней надрукавалі.

Амбасадар Вялікай Брытаніі ва Ўкраіне Марцін Гарыс апублікаваў фота з кнігамі Vivat і паведаміў, што вырашыў падтрымаць выдавецтва так, як робяць цяпер украінцы.

«Сёньня расейскія ракеты пацэлілі ў друкарню „Фактор“ у Харкаве, дзе выдаюць кнігі выдавецтва Vivat. У адказ украінцы сёньня набываюць кнігі, я таксама. Vivat Vivat!», — напісаў ён на сваёй старонцы ў сетцы X.

Журналісты выданьня «Українська правда» нагадалі, што гэта ня першы ўдар Расеі па харкаўскіх друкарнях. 20 сакавіка ў выніку абстрэлаў Харкава згарэла друкарня «Гуров і К». Расейцы цалкам зьнішчылі тыпаграфію «Аврора», а яшчэ раней ад расейскіх абстрэлаў пацярпеў «Будинок друку».
Крыніца: Радыё Свабода