Яўгенія Доўгая пра ўмовы для палітвязняў: У мужчынскую калонію можна дасылаць кнігі, у жаночую — нельга


Пра змрочную рэальнасць беларускіх жанчын, якія патрапілі пад кола рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, паразмаўлялі з аўтаркай праекта «Палітвязынкі» Яўгеніяй Доўгай.

Паводле дадзеных ад праваабаронцаў цэнтра «Вясна», з 2020-га года не менш за восем тысяч жанчын прайшлі праз палітычны пераслед — гэта і крымінальныя, і адміністрацыйныя справы. Цяпер у зняволенні паводле палітычных абвінавачванняў знаходзяцца 195 жанчын (з вядомай праваабаронцам інфармацыі, а яна няпоўная), гэтая лічба можа крыху змяняцца – нехта выходзіць, некага садзяць, але агулам яна трымаецца на такім узроўні ўжо некалькі год.

Яўгенія Доўгая — журналістка, у эміграцыі яна жыве ў Варшаве. У Беларусі Яўгенія пісала пра складаныя сацыяльныя тэмы, часта звязаныя з жаночымі лёсамі. Цяпер яна стварыла і кіруе праектам «Палітвязынкі», які інфармуе пра жанчын-палітзняволеных, а таксама імкнецца дапамагчы жанчынам у зняволенні.

Яўгенія падкрэслівае, што практыка зняволення жанчын і мужчын у Беларусі адрозніваецца, і не варта яе змешваць:

«Жаночы і мужчынскі турэмны досвед размываюцца, рэтранслюецца, як нешта аднолькавае. Але на самой справе гэта абсалютна розны досвед, пра што трэба казаць. І галоўнае адрозненне — праца. Жанчыны працуюць па 8-12 гадзін у калоніі, калі яны прыходзяць з фабрыкі, то іх адпраўляюць прыбіраць прамзону ці самі будынкі калоніі. Там усё скіравана на тое, каб маральна і фізічна знясіліць жанчыну. У выніку жанчыны вымушаныя выбіраць: выпіць гарбаты, напісаць ліст ці паклапаціцца пра знешні выгляд, ці пачытаць, напрыклад. У мужчын праца таксама цяжкая, але яе менш. І, дарэчы, у мужчынскую калонію можна дасылаць зняволеным кнігі, а ў жаночую — нельга».

Самы ўразлівы момант – дзеці

Суразмоўца таксама звяртае ўвагу на тое, як апісваюць побыт у калоніях мужчыны і жанчыны пасля вызвалення. Мужчыны часта расказваюць, як шмат кніг яны паспелі прачытаць. Жанчыны гавораць пра тое, як катастрафічна ім бракавала часу на ўсё — пачынаючы ад выканання гігіенічных працэдур да напісання лістоў родным.

Таксама Яўгенія нагадвае, што жанчынам патрэбныя гігіенічныя сродкі, якія яны павінны набываць самі, бясплатна калонія гэтага не выдае. Гэта ўплывае на расходы жанчын у калоніі, на сумы, якія родныя затрачваюць на перадачы і гэтак далей.

Самы ўразлівы момант – дзеці. Асабліва калі жанчына адна іх выхоўвала. Крымінальны прысуд і пазбаўленне волі пагражаюць і пазбаўленнем бацькоўскіх правоў:

«Цяжкія пытанні наконт дзяцей. Цяпер палітзняволеныя расказваюць, што іх пазбаўляюць бацькоўскім правоў, у дадатак навешваюць выплату аліментаў. Жанчына выходзіць з калоніі без дзіцяці, без бацькоўскіх правоў і з вялікай сумай аліментаў, якія яна мусіць выплаціць. У нас апрыёры, калі мужчына сыходзіць з сям’і, то жанчына неяк спраўляецца сама. Але калі яна трапляе ў бяду, то адразу  ярлык — «кепская маці», так склаўся лёс у беларускіх жанчын», — кажа Яўгенія.

Палітзняволеныя, якія цяпер выходзяць з калоній кажуць, што адміністрацыя ізалятараў, СІЗА, калоній адмыслова часта стварае як мага больш цяжкія ўмовы, каб чалавек выйшаў фізічна знясіленым, зламаным.

«Часта абмяркоўваем з палітзняволенымі, якія выходзяць, умовы. Яны кажуць, што ўсё зроблена так, каб ты выйшаў зламаным. Людзі з ШЫЗА не вылазяць, пакуль не падпішуць памілаванне. Нехта не асабліва і верыць у гэтыя памілаванні, але падпісваюць, каб ад іх на некаторы час адчапіліся. Прайшло чатыры гады. За гэты час з чалавека можна зрабіць нікога, расліну. Гандаль - не гандаль, але чаму мы не кажам пра тое, як палепшыць умовы (зняволення, — рэд.). Людзі паміраюць з-за ўмоў», — гаворыць Доўгая.  

Яўгенія таксама звяртае ўвагу, што палітвязні пасля выхаду з калоній не становяцца свабоднымі – яны застаюцца пад прыцэлам супрацоўнікаў міліцыі, ёсць шмат выпадкаў, калі людзей, якія ўжо адбылі пакаранне за пратэсты, працягваюць праследаваць, арыштоўваюць.

«Усе стомленыя, людзі выходзяць у татальную несвабоду. Ёсць расчараванне, пачуццё віны, бо яна выйшла, а там засталіся людзі. Вось выйшла з калоніі Мія Міцкевіч, і яна ўвесь час гаворыць пра Вольгу Маёраву, пра Таццяну Канеўскую. Куды пайсці, што зрабіць, як іх вызваліць, бо яна з імі прайшла самыя цяжкія часы», — апісвае эмацыйны стан былых палітзняволеных кіраўніца праекта «Палітвязынкі».

вх
Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё