Мастацкая рэзідэнцыя “Дома Творцаў” працягваецца ў Варшаве. Яе ўдзельнікамі сталі 15 чалавек. Пра насычаную праграму праекту кіраўнік “Дома Творцаў” Сяржук Доўгушаў распавёў Марыне Савіцкай.
РР: Як ладзіцца мастацкая рэзідэнцыя, якая ўжо разгарнулася ў Варшаве?
Сяржук Доўгушаў: Я цешуся з таго, што вельмі насычаная праграма, вельмі шмат таленавітых мастакоў. Самай малодшай – 18 год. Самай старэйшай – 76. У нас у гэтым годзе ўдзельнічаюць, канешне, пераважна мастакі з Беларусі, але ёсць дзяўчына, таленавітая мастачка, з Украіны. Усё вельмі актыўна. Зараз ідзе фінальная падрыхтоўчая праца да выставы, якая адбудзецца 19 красавіка і пратрымаецца два тыдні. Але на будучыню зробім яшчэ большы тэрмін рэзідэнцыі, таму што ў нас заўсёды было так, што 20 дзён. Але вось я гляджу, што не паспяваем. Настолькі насычаная праграма. Інтэграцыйная, творчая, мастацкая. Калі рэзідэнты ходзяць на крутыя майстар-класы да польскіх прафесараў-мастакоў і г.д. Кожны дзень распісаны, кожны дзень штосьці адбываецца.
РР: Ці ўсе жадаючыя патрапілі ў гэтую рэзідэнцыю?
Сяржук Доўгушаў: Канешне, гэта такое балючае пытанне. У нас было 80 заявак. Мы нават зрабілі ТОП-20, каго мы маглі б узяць на той выпадак, калі хтосьці не прыехаў бы. Але вось упершыню так, што ўсе прыехалі. Ніякіх адмоваў не было, таму ўдзельнічаюць тыя, хто прайшлі. Гэта 15 заявак. І вось мы стварылі ТОП. Магчыма мы будзем з імі спісвацца. І ў наступнай рэзідэнцыі мы таксама прапануем паўдзельнічаць і магчыма іх возьмем.
РР: Што трэба было зрабіць рэзідэнтам для таго, каб патрапіць да вас?
Сяржук Доўгушаў: Запоўніць форму. У нас была адмысловая заяўка. Адказаць на пытанні і паказаць тое, што яны напрацавалі, каб можна было азнаёміцца з іх працамі.
РР: Калі мы кажам, што быў досыць жорсткі адбор, то на якой падставе гэты адбор адбываўся? Хто больш дасведчаны? Ці хто пацярпеў ад рэжыму?
Сяржук Доўгушаў: У нас па такіх прынцах ідзе адбор. Першае. Гэта прафесійныя здольнасці ўдзельнікаў. Хацелася пабачыць іх працы, паглядзець хто яны, што сабой уяўляюць. Але з самых важных момантаў гэта, сапраўды, людзі, якія былі рэпрэсаваныя, якія засталіся без працы. Вядома, мы раімся, што гэтаму чалавеку сапраўды трэба паўдзельнічаць у рэзідэнцыі. То бок, ёсць тыя, якія ўдзельнічалі ужо ў 20-30 рэзідэнцыях, ёсць і такія, вельмі таленавітыя мастакі, але ў іх ужо былі рэзідэнцыі, хоць можа яны ўжо і вядомыя ў Еўропе мастакі, таму, канешне, перавагу даем тым, хто ніколі не быў у рэзідэнцыях, каб была такая магчымасць паўдзельнічаць, выехаць і ўдыхнуць свежым паветрам.
РР: Распавядзі, калі ласка, пра самую праграму, якая ўжо адбываецца ў гэтыя дні.
Сяржук Доўгушаў: У нас вельмі насычаная праграма, і кожны дзень ледзь не да вечара штосьці адбываецца. Асноўныя сустрэчы, заняткі, майстар-класы – гэта з прафесарам Гутам у Акадэміі мастацтваў. Таксама ёсць час для працы. Хтосьці ў Доме працу, хтосьці працуе ў Акадэміі мастацтваў. І розныя накірункі майстар-класаў і сустрэч. Напрыклад ездзілі на майстар-клас у Лодзь да крутых выкладчыкаў. Былі на майстар-класе па японскім жывапісе. Затым была сустрэча па стрыт-арту. І можна за гэтым усім сачыць. Мы гэты разам усё асвятляем што адбываецца.
Вернісаж мастацкай рэзідэнцыі адбудзецца 19 красавіка ў 18:00. Выстава будзе працягнецца да 10 мая 2024 года.
Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя