Кавалер Ордэну Пагоні Яраслаў Іванюк: Гэта медаль таксама для майго сябра, які загінуў пад Бахмутам


Мы паразмаўлялі з Яраславам пра ўзнагароду, а таксама пра спробы сарваць сустрэчы з ім ды Уладзімірам Арловым у Літве.

З нагоды ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала дэкрэты аб узнагароджанне за заслугі перад беларускім народам. Медалі Ордэна Пагоні атрымалі, між іншым, Зянон Пазняк, Алесь Бяляцкі, Алесь Зарэмбюк, Алена Талстая, Андрэй Хадановіч, Полк Каліноўскага.

Мы звязаліся па тэлефоне з адным з узнагароджаных – Яраславам Іванюком, жыхаром Беласточчыны. Ён працаваў у нашай рэдакцыі, і дагэтуль часта прапануе нам свае журналісцкія матэрыялы. Шмат гадоў таму важнай справай дзейнасці Яраслава стала інтэрнэт-бібліятэка Камунікат, у якой сабраныя творы беларускай літаратуры. І менавіта за гэтую працу ён атрымаў медаль – за ўнёсак у беларускую культуру і адукацыю. Мы засталі Яраслава ў Хельсінкі, куды ён адправіўся разам з пісьменнікам Уладзімірам Арловым у рамках спецыяльнага турнэ. Раней яны пабывалі ў краінах Балтыі – у Літве, Латвіі і Эстоніі.

- Для мяне гэта вялікі гонар – быць узнагароджаным у такі важнейшы для беларусаў дзень – 106-ыя ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка. Тым больш, што раней былі ўзнагароджаныя людзі, якіх я вельмі шаную, вельмі паважаю – Алесь Бяляцкі, які сядзіць у турме рэжыму Лукашэнкі. Я б вельмі хацеў, каб ён як мага хутчэй адтуль выйшаў, каб можна было з ім убачыцца, абняцца. Зянон Станіслававіч Пазняк – ён у эміграцыі, не можа вярнуцца ў Беларусь, як многія беларусы.

Вельмі істотна для мяне, што гэты медаль атрымалі байцы [палка Каліноўскага - рэд.], якія змагаюцца за незалежнасць Украіны супраць маскоўскай навалы, за незалежнасць таксама і Беларусі. Медалю не дачакаўся мой сябра Міраслаў Лазоўскі, які загінуў пад Бахмутам летась у траўні. Я лічу, што гэта медаль і для яго.


Размова адбылася падчас туру Яраслава Іванюка з пісьменнікам Уладзімірам Арловым. Цяпер яны ў Фінляндыі. Раней былі сустрэчы ў Літве, Латвіі, Эстоніі. І не абышлося без перашкодаў.

- Інфармацыю пра медаль я атрымаў падчас падарожжа на пароме паміж Эстоніяй і Фінляндыяй. Мы раней правялі некалькі сустрэч з Уладзімірам Арловым у краінах Балтыі. Былі ў Літве, сталіцы Латвіі Рызе, Талліне. Гэты цыкл праходзіць пад лозунгам «Насустрач Дню Волі з Уладзімірам Арловым». Нас сустракаюць вельмі ветліва беларускія эмігранты. А вось літоўскія нацыяналісты палічылі, што прыязджае ў Літву ідэолаг... літвінізму. Гэта глупства, але адзін з літоўскіх блогераў разгарнуў скандал. Былі спробы сарваць нашы сустрэчы ў Клайпедзе, Вільні і Коўна. У Коўна спрабавалі адмяніць сустрэчы зусім беларускімі метадамі, але мы знайшлі іншае месца, у Вільні музей Луцкевіча адмовіўся ад правядзення, паколькі яны атрымалі пагрозы ў свой адрас. Але мы сустрэліся ў замку «Дапамога». Былі прыхільнікі гэтага літоўскага блогера, якія задавалі правакацыйныя пытанні, але мы выступілі з гонарам.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

Размаўляла Наталля Грышкевіч
Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё