Дзень Волі 2024. Свята з палітвязнямі на першым плане


У нядзелю ў Варшаве прайшоў марш і музычная праграма з нагоды 106-х угодак БНР. На яго сабралася некалькі тысяч беларусаў, якія прайшлі з пляцу Трох крыжоў да Замкавай плошчы, дзе адбыўся святочны канцэрт. Прыпынак быў зроблены і каля помніку Мікалая Каперніка, дзе штонядзелю адбываюцца акцыі беларусаў.

Сотні бел-чырвона-белых сцягоў, партрэты палітвязняў і воклічы "Жыве Беларусь!" Прысутныя падкрэслівалі святочны настрой, але адначасова казалі, што нядзельны марш - гэта чарговая нагода расказваць пра беларускіх палітвязняў.

Удзельнікі маршу часта казалі пра асацыяцыі з 2020 годам, калі на вуліцы беларускіх гарадоў выйшлі тысячы людзей.  

Удзельнік: - Мы святкуем Дзень Волі! Усе збіраюцца разам, радыя бачыць адзін аднога, адразу згадваецца, што перамены наступяць. Эмоцыі вельмі пазітыўныя, успамінаецца 2020 год, калі шмат людзей выйшла. Я б хацеў як мага хутчэй бачыць гэтыя сцягі ў Беларусі.   


Воля Такарчук: - Я маральна вяртаюся ў 2020 год, калі ў нас былі масавыя маршы, калі мы верылі ў перамогу. Мы ў яе верым і цяпер, наша ўсё роўна возьме. Я былая палітвязень, блогер, сюды прыехала адмыслова з Вільні. Каб пра нас ведалі, не забывалі. Каб грамадства ведала, колькі ў нас палітвязняў. Трэба пра іх казаць. У нашай краіне таксама ідзе вайна, але ціхая. Вайна, калі беларус ідзе супраць беларуса. У нас ёсць ахвяры.

Юля: - Для мяне гэта аддушына. Кожны дзень ты думаеш, што ў Беларусі сябры і родныя, якія штодзённа пад гнётам. Гэта такі дзень, які ўносіць крыху добрага настрою і пазітыву, веры ў будучыню. Гэта 106-ая гадавіна БНР. Колькі б мы не былі пад акупацыяй, мы ўсё роўна памятаем пра сваю волю, пра тое, што мы годныя людзі.

Беларус: - Я прыйшоў, каб выканаць свой элементарны грамадзянскі абавязак. Нам тут бяспечна выказаць свой пратэст рэжыму. Я прыехаў спецыяльна з Уроцлава, заявіць, што я супраць рэжыму, што нічога не скончылася. Пакуль не на нашу карысць, але трэба працягваць змагацца. Лукашэнку дастаткова прайграць адзін раз, а мы можам спрабаваць безліч разоў.


Беларуска: -Мае думкі розныя, сумнеўныя таксама. Вельмі баліць душа. Я разумею, што сёння мая краіна фактычна знішчана, але калі я тут, значыць у мяне ёсць спадзевы. Калі не я вярнуся, то можа мае дзеці і ўнукі. Для мяне Беларусь – гэта не проста краіна, гэта зямля маіх продкаў. Мой дзед калісьці мусіў уцякаць ад саветаў, 25 гадоў яму не дазвалялі вярнуцца да сям’і. Ён з’ехаў, калі майму бацьку быў год, а вярнуўся, калі год быў мне. Цяпер мы тут. Мой бацька кажа: мабыць і вы вернецеся так, як мой бацька. Я ўжо не паспею, але мае дзеці вярнуцца. Я ім дала такі загад, каб яны вярнуліся і адрадзілі Беларусь.

слухайце аўдыё  
ав
Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё