Літаратурная вечарына ў Беластоку з нагоды 65-годдзя Пятра Васючэнкі


У Беластоку прайшла літаратурная вечарына з нагоды 65-годдзя, якое ў гэтым годзе мог бы адзначаць літаратуразнаўца, празаік, драматург і выкладчык Пятро Васючэнка. З гэтай нагоды даўнія сябры, калегі па пяры, вучні і прыхільнікі творчасці сабраліся ў беларускім хабе «Новая зямля», каб узгадаць Пятра Васільевіча добрым словам.


Кажа адзін з яго сяброў і арганізатар вечарыны – Алесь Аркуш:

– Гэта быў шок, калі я пачуў, што ён памёр. Я ездзіў на развітанне і ля труны Пятра Васючэнкі пакляўся, што я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб яго імя гучала і яго спадчына сапраўды засталася як скарб беларускай літаратуры, беларускай культуры. Таму што гэта ўнікальны творца, ён у пяці іпастасях вядомы, як празаік, як драматург, як выкладчык, як літаратуразнаўца і як казачнік. І ў кожнай іпастасі ён проста выдатны і арыгінальны.


Сярод тых, хто ўзгадваў падчас вечарыны Пятра Васючэнка, быў і яго даўні сябра і суаўтар некаторых твораў – літаратуразнаўца, прафесар Люблінскага ўніверсітэта Сяргей Кавалёў:

– Паколькі Пятро сам быў літаратуразнаўца і пісаў пра літаратуру, яго больш успрымалі як наглядальніка-каментатара і менш пісалі пра яго ўласную творчасць. Усе чакалі, што ён напіша пра бомбамлітаўцаў, пра тэвээлаўцаў. Ён як бы быў сведка-летапісец і менш трапляў у аб’ектыў як аўтар, прычым ён трошкі крыўдаваў, яму гэтага не хапала пры жыцці. Але менавіта вось гэта мусіць наступіць пасля смерці, калі ўжо не ён піша, а пра яго пішуць, пра яго гавораць. Вось гэтая вечарына добрая гэтаму сведчанне.  

Пятро Васючэнка нарадзіўся ў Полацку. Быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Лаўрэатам літаратурных прэмій «Гліняны Вялес» і «Блакітны свін». Нечакана сышоў з жыцця ў 2019 годзе.




Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя