36 праваабарончых арганізацый па ўсім свеце запатрабавалі вызвалення палітзняволеных вясноўцаў


Праз год пасля вынясення прысуду FIDH,OMCT і іншыя арганізацыі зноў выказваюць сваю сур'ёзную занепакоенасць лёсам палітвязняў.

3 сакавіка 2023 года лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека(FIDH) Валянцін Стэфановіч і юрыст «Вясны» Уладзімір Лабковіч па сфабрыкаваных абвінавачваннях былі асуджаныя да дзесяці, дзевяці і сямі гадоў турэмнага зняволення адпаведна.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH/OMCT) і іншыя арганізацыі патрабуюць іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і заклікаюць міжнародную супольнасць выкарыстоўваць усе наяўныя ў яго распараджэнні дыпламатычныя, палітычныя і іншыя сродкі, каб заклікаць беларускія ўлады забяспечыць вяршэнства права і вызваліць усе асобы, асуджаныя па палітычна матываваных абвінавачваннях.

Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, апублікаванай на сайце Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, паведамляе «Вясна».

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў была створана ў 1997 годзе Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека(FIDH) і Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT).

Мэтай гэтай праграмы зʼяўляецца прадухіленне або паляпшэнне сітуацый, звязаных з рэпрэсіямі ў дачыненні да праваабаронцаў.

FIDH і OMCT зʼяўляюцца членамі ProtectDefenders.eu, механізму Еўрапейскага Саюза па абароне правоў чалавека, створанага міжнароднай грамадзянскай супольнасцю.

аз
Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё