У Вільні завершыўся фэст «Вершы на асфальце»


У Вільні скончыўся трохдзённы XІI Міжнародны паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце». Падчас яго адбываліся творчыя сустрэчы з вядомымі літаратарамі і праходзілі прэзентацыі кніг.

У трэці дзень перад наведвальнікамі фэсту выступалі Уладзімір Арлоў, Наста Кудасава, Сяржук Сыс. Адбылася прэзентацыя зборніка “Вымярэнне свабоды”, прайшлі дыскусіі і вечарына-прэзентацыя праекту анталогіі сучаснай літоўскай паэзіі, з удзелам літоўскіх аўтараў і беларускіх перакладчыкаў.


Як кажа паэт Сяржук Сыс, ён прэзентаваў не проста кнігу пад назвай “Дом”, а кнігу-дзённік, якая пісалася некалькі год у пяці краінах, рукапіс першай яе часткі знік пры ператрусе:


– У  сацыяльных сетках трохі знайшоў, і гэта адна частка гэтай кнігі. Другая рэанімацыя была пасля доўгіх пабегаў па розных краінах, і яна мусіла выйсці ў 2022 годзе ў лютым у выдавецтве ў Кіеве. Але пачалася расейская агрэсія ва Украіне, і кніга зноў не выйшла. І дзякую выдавецтву “Скарына”, што яна патрапіла на свет.

На фэст завіталі і выдаўцы літаратуры з розных краін. З Лондана прыехаў Ігар Іваноў, які  быў задаволены распродажам кніг свайго выдавецтва “Скарына”.


– Як выдавец  я ў захапленні ад фэсту. Мы тут былі вельмі занятыя, таму што сапраўды шмат людзей прыходзіла, вельмі дынамічна ўвогуле адбываўся фэст. Людзі чытаюць паэзію, набываюць яе. Вельмі-вельмі прыемна гэта ўсё бачыць

Міжнародны паэтычны фестываль скончыўся канцэртам гурта “FILAMATY” (сумесны канцэптуальны праект гурта “RELIKT” і Уладзя Лянкевіча).




Фэст адбыўся пры падтрымцы Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў, Праграмнай Рада тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва», Беларускага ПЭН-цэнтра, Шведскага саюзу пісьменнікаў і беларускага Гётэ-інстытута ў выгнанні.







Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя