Прэзентацыя кніг Фонда Kamunikat.org на паэтычным фэсце “Вершы на асфальце”


Міжнародны паэтычны фестываль “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова стартуе ў Вільні ў пятніцу 16 лютага ў беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. Мерапрыемства будзе праходзіць тры дні з 16 па 18 лютага на розных пляцоўках і аб’яднае дзясяткі ўдзельнікаў з розных краінаў. Сёлетні фестываль (XІII-ты па ліку!) мае насычаную, цікавую праграму. 

У межах фэсту пройдзе прэзентацыя чатырох кніг, да выдання якіх спрычыніўся Фонд Kamunikat.org. Гэта “Уцёкі з Палесся” Валянціны Аксак, “Выбраная лірыка” Уладзіміра Арлова, “Перавыбранае” Уладзіміра Някляева і “Маланкі над Вільняй” Ванды Марціньш.  


Новая кніга Валянціны Аксак нараджаецца на пакутных шляхах змушанай блуканкі. Асабісты боль выгнаньніцы са свайго дому шматкроць узмацняецца трагедыяй зьняволеных і закатаваных у вязьніцах на радзіме. Захопніцкая вайна за яе паўднёвымі межамі не пакідае аўтарцы ні каліва спадзеву на шчаснае вяртаньне. І ўсё ж ляйтматывам кнігі ёсьць загад паэткі самой сабе: жыць навырост! 

Уладзімер Арлоў – беларускі творца, больш вядомы як празаік і эсэіст. Пры гэтым яго надзвычай тонкая арыгінальная паэзія прыцягнула ўвагу чытачоў далёка па-за межамі Беларусі, асабліва пасля прысуджэння яму першай у гісторыі міжнароднай прэміі «Еўрапейскі паэт Свабоды» ў 2010 г. 



Паэзіі Уладзіміра Някляева ўласцівыя сугестыунасць і надзвычайная пругкасць радка, у ёй выразна бачыцца шчыльная знітаванасць асобы лірычнага героя з мінуўшчынай, цяпершчынай і будучыняй роднага краю і ўсяго і свету.


Кніга "Маланкі над Вільняй", сцвярджае аўтарка, – падарунак старажытнай і вечнамаладой Вільні да яе 700-годдзя ад віленчукоў: беларусаў, літоўцаў, палякаў. Ідэя гэтага трохмоўнага паэтычнага зборніка належыла Альме Лапінскене – доктарцы гуманітарных навук, якая на працягу 40 гадоў з’яўляецца нястомнай перакладніцай з беларускай мовы на літоўскую і карпатлівай руплівіцай на ніве беларуска-літоўскіх сувязяў...



Поўная праграма мерапрыемстваў фестывалю.


Мерапрыемствы фестывалю будуць транслявацца - тут

Фота Bellit.info і Kamunikat.org

Крыніца: Камунікат