«
Падшыванцы» — так называецца новая кніга
Вінцэся Мудрова, якая толькі што зьявілася ў выдавецтве «Кнігазбор». Пад яе чырвона-чорнай вокладкай зьмешчаныя дваццаць апавяданьняў, якія тэматычна аб’яднаныя ўзростам і часам дзеяньня галоўных герояў. Усе яны — падлеткі з савецкага маленства аўтара. З нагоды выхаду новай кнігі з празаікам з Наваполацку Вінцэсем Мудровым гаварыла
Валянціна Аксак.
— Яшчэ студэнтам Наваполацкага політэхнічнага інстытуту Вы сталі беларускім нацыяналістам, заняўшыся разам з сябрамі падпольным самвыдатам. Альманах «Блакітны ліхтар», які Вы выпускалі, стаўся прычынай пільнай увагі да Вашай пэрсоны з боку спэцворганаў. Як такое магло здарыцца з сынам расейскага савецкага афіцэра?
— Мушу адцеміць, што бацька падчас маіх народзінаў сапраўды служыў у войску, але калі я «акукліўся ў нацыяналіста», ён ужо меў партыкулярны статус.
Наогул сага пра маё гераічнае юнацтва трохі зацягнулася. Тэма гэтая адпрацаваная яшчэ трыццаць гадоў таму, так што не хацелася б чарговым разам таўчы тую самую ваду.
А як здарылася, што я, гарадзкі чувак, стаў, як колісь казалі, на рэйкі Беларушчыны? Тут ёсьць штосьці фаталістычнае. У маладосьці меў бунтарскую душу, вось яна, душа, і ўзбунтавалася супраць акаляючай шэрасьці і тупозу, якога тады было з каптуром. Да таго ж, напярэдадні вызначальнага павароту лёсу (на дварэ быў 1971 год), наведаў Ленінград, дзе стрыечны братан і ягоныя сябры адкрыта пацьвельвалі зь беларусаў. Вось крыўда за свой народ і сублімавалася ў разуменьне, што беларусы (цытую Максіма Горкага) «самы забіты народ у імпэрыі», і з гэтым трэба нешта рабіць.
— Ходзіць показка пра тое, як Вы сталі пісьменьнікам. Маўляў, Мудрову дужа не падабалася, як пішуць беларускія савецкія літаратары і ён у далёкім ужо 1983-м вырашыў ім паказаць, як трэба тое рабіць. Але калі шчыра, то што падштурхнула трыццацігадовага інжынэра з добрым на той час заробкам да занятку бяз пэўных пэрспэктываў і фінансавай стабільнасьці?
— Першы імпульс да літаратурных практыкаваньняў даў сябар Уладзімер Арлоў, які пазначаным часам ужо друкаваўся ў рэспубліканскім друку і падбіваў рушыць па ягоных сьлядах. Я штосьці пісаў на замову для наваполацкай гарадзкой газэты «Химик», але сур’ёзным чынам у гэтую справу не ўлягаў. І вось аднойчы да мяне завітаў яшчэ адзін сябрук, паэт Алехна Мінкін, і я дзеля жарту стаў цытаваць апавяданьні з часопісу «Маладосьць». «Ты б не зубы сушыў, а сеў і напісаў штосьці вартае», — з іроніяй выдаў Алехна. Як пасьля такіх словаў не заняцца самасьцьвярджэньнем. Тут жа падцягнуў да ног тумбачку (у кватэры не было стала) і напісаў пару апавяданьняў. Паслаў іх у памянёны часопіс і праз чатыры гады іх надрукавалі.
— Ваша першая кніга «
Жанчыны ля басэйна» якая выйшла ў 1992 годзе, адразу ж зьвярнула на сябе ўвагу крытыкаў і чытачоў. Сакавітая, багатая мова, іранічны стыль, незвычайныя пэрсанажы, якіх можна назваць дзівакамі, а можна і прыдуркамі, вельмі выгодна вылучаюць Вашу прозу і ва ўсіх наступных кнігах. А іх на сёньня ўжо больш дзясятка. І амаль у кожнай падзеі разгортваюцца за савецкім часам. Вось жа і новая — «Падшыванцы» — пра Ваша далёкае савецкае маленства. Што трымае Вашу пісьменьніцкую ўвагу ў тым часе?
— Фраза пра тое, што кніга «зьвярнула на сябе ўвагу крытыкаў і чытачоў», з шэрагу прэамбульных і выклікае кволую ўсьмешку. Калі чым «Жанчыны» і вызначаліся, дык гэта лядашчай паперай і нізкай паліграфічнай якасьцю.
Што да маёй апошняй кніжкі. Аднойчы ў прыватнай перапісцы адна прафэсійная чытачка заўважыла, што ёй надта падабаецца расейская пісьменьніца Нарынэ Абгаран, якая піша пра падлеткаў. Я прачытаў пару твораў Нарынэ і вырашыў напісаць штосьці падобнае, аформіўшы асобнай кнігай. І каб яе маглі прачытаць і падлеткі, і дарослыя. Падлеткі, праўда, чытаць ня будуць з прычыны няведаньня беларускай мовы, а вось аднагодкам раю пачытаць. Хаця б дзеля таго, каб згадаць юнацтва.
— Вы ня ладзіце ні аўтограф-сэсіяў, ні прэзэнтацыяў сваіх новых кніг. Няўжо Вам сапраўды зусім не цікава сустрэцца з Вашымі чытачамі? Можа нават скласьціся ўражаньне, што Вы абыякавыя, калі не сказаць больш рэзка, да пачуцьцяў прыхільнікаў Вашай творчасьці. Ці так гэта?
— Каб адпавядаць патрабаваньням часу, трэба мець адпаведны імідж. А папросту кажучы, трэба быць маладым і сучасным. Ня думаю, што тую ж жаночую аўдыторыю зацікавяць літаратурныя Мафусаілы.
Зараз наогул назіраецца тэндэнцыя зрабіць зь пісьменьніка падабізну лява Баніфацыя. Каб ён ня толькі апавядаў пра творчую кухню ды дэклямаваў свае творы, але і забаўляў публіку. Магчыма, у хуткім часе пісьменьнікі на творчых сустрэчах пачнуць выконваць ірляндзкі стэпданс, ці дэманстраваць фокусы з тэнісным шарыкам — даставаць іх, са зьведзенымі да пераносься вачыма, з роту. У сытуацыі, калі пісьменьнікаў больш, чым чытачоў, трэба, як казаў сп. Гарбачоў, шукаць новыя падыходы.
— Ляўрэат прэміі часопіса «Крыніца»(1998), ляўрэат прэміі «Залаты апостраф»(2010), трэцяе месца Прэміі Гедройця (2014) за зборнік апавяданьняў «
Багун», трэцяе месца Прэміі Гедройця (2018) за зборнік апавяданьняў «
Забойца анёла», ляўрэат прэміі «Празрысты Эол» (2019) за лепшую онлайн публiкацыю. Ні на адну з цырымоніяў уручэньня Вам гэтых прэмій Вы не прыехалі з роднага Наваполацку ў Менск. Чаму?
— Трэсьціся ў маршрутцы тры з паловай гадзіны ў адзін бок, каб атрымаць надрукаваную на прынтары грамату? Я на такое ня здольны. Дый грошай на праезд шкада, пагатоў зьбіраю іх на выданьне кніг, адкладаючы з пэнсіі. А вось пры канцы мінулага стагодзьдзя дакладна б рынуў на тыя ўганараваньні, прычым, без сумневаў і згрызотаў. І вярнуўся праз пару дзён з жэстачайшай алькагольнай інтэнсыфікацыяй. І грамату, відавочна, згубіў бы па дарозе. А так, дзякаваць Б-гу, нікуды не паехаў, і гедройцаўская грамата, дакладней, сэртыфікат, і дагэтуль стаіць за шклом кніжнай шафы.
— А цяпер пытаньне крыху пра іншае. Некаторыя літаратуразнаўцы лічаць, што пісьменьнікі-палачане, і Вы ў іх ліку, адрозныя сваім талентам ад прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў. І што існуе нават такая зьява, як полацкая літаратурная школа. Што Вы думаеце на гэты конт?
— «Літаратурны выбух», калі ў адным горадзе зьявілася адразу некалькі маладых празаікаў, адбыўся ўсё ж такі ў Наваполацку, а ня ў Полацку. А што я думаю на гэты конт? Думаю з жалем, што літаратурнае кола даволі хутка закацілася ў іншыя мясьціны, не пакінуўшы адметнага сьледу. Я пра тое, што мы ня выхавалі годнай літаратурнай зьмены.
— У Полацку на помніку літары Ў выбітыя некалькі радкоў з верша Рыгора Барадуліна «Полацкі мэнталітэт», якім народны паэт азваўся на вызначэньне адметнасьці жыхароў Вашага краю, зробленае
літаратарам-палачанінам Уладзімерам Арловым. Ці бачыце Вы ў сваіх земляках нешта тое, чаго няма, скажам, у гарадзенцаў ці берасьцейцаў? І што гэта такое, на Вашу думку, — полацкі мэнталітэт?
— Само слова «мэнталітэт» крыху насьцярожвае, індукуючы ў сьвядомасьці міліцыянта і эвэнкійскага пісьменьніка Алітэта Нямтушкіна. Ну, а цытаваныя словы Рыгора Іванавіча разглядаю як паэтычны троп. Полацак, скажу па сакрэце, можна любіць толькі на адлегласьці. Калісьці Алесь Дудар ехаў сюды такім жа паэтычна экзальтаваным, як і Рыгор Барадулін. Дзіва што… Полацак… бацька гарадоў беларускіх, калыска духовасьці і ўсё такое… А пажыўшы колькі месяцаў прасіў сяброў, прычым, напрамілы б-г, яго адсюль забраць. У сваіх развагах, адчуваю, ня маю рацыі. Гэта таму, што душа ў мяне не паэтычная, а празаічная.
— Што і пра што Вы пішаце цяпер, у такі складаны і небясьпечны час, калі па плянэце нястрымна гуляе сьмяротная зараза? Ці не пакінуў Вас іранічны погляд на сьвет?
— У дадзены момант рыхтуюся да сустрэчы са згаданай гулякай. Напісана ўжо даволі шмат, але тэксты не сыстэматызаваныя, стылістычна не апрацаваныя. Так што зараз іх габлюю і даводжу да больш-менш друкабельнага выгляду. Усё ж у глыбіні душы кволіцца надзея, што імі калісьці і хтосьці зацікавіцца. Ну і рыхтую чарговы зборнік — замес экзыстэнцыялізму і колішніх савецкіх рэаліяў, — з адпаведнай назвай: «Мэліярацыя з Альбэрам Камю».
— Мэдыкі заклікаюць на пэрыяд пандэміі да самаізаляцыі. Вас неяк гэта закранула, нешта зьмяніла ў Вашым звыклым раскладзе жыцьця і творчасьці?
— Я ўжо гадоў дзесяць знаходжуся ў самаізаляцыі, так што заклікі мэдыкаў мяне практычна не закранулі. Сяджу ў сваім катуху, пішу кнігі, якія, збольшага, нікому не патрэбныя, потым іх выдаю за свой кошт і рассылаю сябрам і знаёмым. Малюнак, як на здаровую галаву, фантасмагарычны. Але для сытуацыі пандэміі — сама тое.
Крыніца: Радыё Свабода