Някляеў, Янкута, Бахарэвіч, Харэўскі і Скурко. Найлепшыя кнігі 2023 году


Напрыканцы году Радыё Свабода з дапамогай экспэртаў традыцыйна вызначае найлепшыя беларускія кнігі, якія зьявіліся цягам апошніх 12 месяцаў.

Ацэнкі літаратурнага твора — катэгорыя суб’ектыўная. Тут шмат залежыць ад таго, хто выказвае ацэнку — ад густу, кваліфікацыі, жыцьцёвых і мастацкіх прыярытэтаў.

І рэйтынгі, якія ствараюцца на падставе не аднаго меркаваньня, а супольнасьці ацэнак розных людзей, дадаюць няшмат аб’ектыўнасьці нават у ідэальных умовах, у мірныя часы і ў дэмакратычных грамадзтвах.

Выбіраючы сёлета «Кнігу году», Радыё Свабода разумела ўсю неадназначнасьць рэйтынгу. Хаця б з прычыны, так бы мовіць, палітычнай геаграфіі — літаратурная супольнасьць, як і само беларускае грамадзтва, апынулася па розныя бакі дзяржаўнай мяжы. Далёка ня ўсё, што выходзіць у Беларусі, можа трапіць у вольныя краіны — роўна як і выдадзенае на чужыне мае зусім невялікія шанцы дабрацца да чытачоў і літаратурных крытыкаў у Беларусі.

І тым ня менш мы вырашылі не спыняць традыцыю і зрабілі кніжны рэйтынг Свабоды.

Найлепшыя паэтычныя, празаічныя, дакумэнтальныя і дзіцячыя кнігі вызначылі дванаццаць экспэртаў, якія жывуць па абодва бакі беларускай мяжы. Іхную ўхвалу атрымалі дваццаць дзевяць кніг, выдадзеных у 2023 годзе.

Кнігі-пераможцы


Проза  
Ганна Янкута. Час пустазельля.

ДакумэнталістыкаСяргей Харэўскі. Мінск у мастацтве.

Дзіцячая літаратура — Андрэй Скурко. Хачу ўмець чытаць.

Іх і ў полымя кідалі, і нажамі рэзалі, і брудам аблівалі, а яны жывуць і перамагаюць

Аўтар адной з кніг гэтага году змог прыехаць на яе прэзэнтацыю за мяжой, але потым з сабой дадому не павёз аніводнага асобніка. «Не хачу, каб памежнікі кідалі яе ў свае сьметніцы».

Іншаму сьведка расказаў, што пры ператрусах у сяброў забіраюць ягоныя кнігі з дарчымі надпісамі. Мо свае хатнія бібліятэкі, карыстаючыся, так бы мовіць, службовым становішчам, папаўняюць. Наўрад ці аўтар сам верыць у падобны лёс сваіх кніг. Як ня вераць і сябры ў тое, што некалі ім вернуць забраныя томікі.

І ўсё ж іх пішуць і пішуць, і зноў і зноў іх друкуюць. Кніганошы шнуруюць таемнымі сьцежкамі ў абодвух кірунках мяжы. І зноў і зноў іх чытаюць і перачытваюць, адзначаюць у рэйтынгах і ганаруюць на конкурсах.

Агульны сьпіс названых кніг

Паэзія:

Уладзімер Някляеў. Сам/Sam. Калегіюм Усходняй Эўропы. (3).
Алесь Разанаў. З маланкаю ў сэрцы. «Папуры». (2)
Віктар Сямашка. Аўтар мае рацыю заўжды. «EkoPress». (2)
Крысьціна Бандурына. Самае трывожнае лета. «Hochroth». (1)
Наста Кудасава. Я працягваю. «Hochroth». (1)
Андрэй Хадановіч. На беразе волі. «Hochroth». (1)
Дзьмітрый Рубін. Выпадак. «Skaryna Press». (1)
Яўгенія Пфляўмбаўм. Сонца. «Пфляўмбаўм». (1)

Проза:
Альгерд Бахарэвіч. Ператрус у музэі. «Кнігаўка». (2)
Ганна Янкута. Час пустазельля. «Янушкевіч». (2)
Альгерд Бахарэвіч. Хлопчык і сьнег. «Кнігаўка». (1)
Нетутэйшыя: Reversion. Беларуская экспэрымэнтальная драматургія («ТВЛ», «Бум-Бам-Літ»). «Галіяфы» і «Diaphanes». (1)
Уладзімер Арлоў. Айчына. Частка другая. Ад Агінскага да Багушэвіча. «Kamunikat.org». (1)
Мэір Шалеў. За сіняй гарой. Пераклад з іўрыту Паўла Касьцюкевіча. «Логвінаў». (1)
Андрэй Федарэнка. Сцэнарыст. «Дзеяслоў» №№ 125-126. (1)
Іна Снарская. Зачараваны скарб. «Кнігазбор». (1)
Кузьма Чорны. Збор твораў, том 1. «Беларуская навука». (1)

Дакумэнталістыка:

Сяргей Харэўскі. Мінск у мастацтве. «Логвінаў». (3)
Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч, Надзея Саўчанка. Забытая экспэдыцыя 1926 года. «Беларуская навука». (2)
Павел Каралёў. Купала і Колас жартуюць. «Цымбераў». (2)
Генрых Кіршбаўм. Беларускі брыкалаж. «Vesna Books». (1)
Валянцін Акудовіч. Трэба ўявіць Сізіфа шчасьлівым. «Логвінаў». (1)
Вольга Вялічка. Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме. «Gutenberg». (1)

Дзіцячая літаратура:

Андрэй Скурко. Хачу ўмець чытаць. «Тэхналёгія». (4)
Алесь Кудрыцкі. Казік з Каменнай Горкі. «Янушкевіч». (3)
Надзея Ясьмінска. Сьнегурумі. «Папуры». (2)
Аляксандар Калбаска. Эўрапейскія пуцявіны Францішка Скарыны. «Тэхналёгія». (1)
Яна Вольская. Ашуканкі. «Slowianka». (1)
Каток-пестунок. Складанка рыфмаванак беларускіх клясыкаў. «Slowianka». (1)
Крыніца: Радыё Свабода