Сустрэча Цэнтра Беларускай Культуры і беларускай дыяспары: Дзейнічаць адной сілай!


У Хабе „Новая Зямля” ў Беластоку адбылася сустрэча беларускай дыяспары з дырэктарам Цэнтра Беларускай Культуры Анатолем Вапам ды старшынём Беларускага Гістарычнага Таварыства Алегам Латышонкам.

Дырэктар Цэнтра Анатоль Вап пацвердзіў зацвяржэнне Статута ўстановы раднымі на 58-й сесіі Сейму Падляшскага ваяводства і распавёў пра далейшыя планы: 

– Галасавалі ўсе – з розных палітычных груп. Напачатку студзеня пайду на працу як кіраўнік Цэнтра Беларускай Культуры. Маем пакуль памяшканні ў адным з будынкаў маршалкоўскай управы на вуліцы Кілінскага. Будзем мець пяць памяшканняў на бюро і адно для гаспадарчых патрэбаў. Вядзем размовы з маршалкоўскай управы адносна рамонту сядзібы на вуліцы Czackiego, 8.

Падчас сустрэчы прадстаўнікоў Цэнтра Беларускай Культуры і беларускай дыяспары былі актыўна абмеркаваны далейшыя напрамкі супрацы, плённасць чаго і падкрэслілі ўдзельнікі сустрэчы: 

– Добра, што ён з’явіўся, добра што ўлады звяртаюць увагу, што тут ёсць беларусы, ідуць насустрач і дапамагаюць усяляк. Беларусы мусім быць разам. Мы можам быць карыснымі адзін аднаму. 

– Магчымасцяў насамрэч вельмі многа, тым больш што ўстанова ваяводская і тут ўжо далучаюцца магчымасці дзяржавы. Іншае пытанне, што мне, як чалавеку, які толькі год у Польшчы, даволі складана ўявіць сабе гэтыя магчымасці больш дэтальна. 

– Так, канешне, Цэнтр патрэбны, і вельмі добра, калі там будуць збірацца ўсе беларусы. 

– Беларусы Беластока і Падляшша, каб мы былі ўсе разам.

Цэнтр Беларускай Культуры – новаствораная ўстанова культуры Падляшскага ваяводства, якая афіцыйна распачне працу з 1-га студзеня 2024 года. Сярод абмеркаваных накірункаў работы Цэнтра: аматарскі тэатр, моўныя курсы, канцэрты і выставы, кнігадрук і даследванні ў сферы культуры. 

Свае прапановы можна дасылаць на электронную пошту дырэктара Цэнтра Беларускай Культуры Анатоля Вапа: tolekwap@ wp.pl альбо на тэлефон: 668 046 991.

Фота аўтара. 

Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя