Суды над “дзяўчатамі ў белым” зноў перанеслі


Алену Сляпцову, Дар’ю Александровіч, Алу Спірыдонаву, Алену Бародзіч, Наталлю Міхееву і Настассю Ермаловіч вінавацяць у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

12-га жніўня
дзяўчаты выйшлі да крамы “Еўраопт” на Маскоўскім праспекце, узяліся за рукі і моўчкі стаялі на ходніках на знак пратэсту супраць міліцэйскага гвалту, які стаў адметнасцю сёлетняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. У пратаколе ж запісана, што яны пляскалі ў ладкі і крычалі лозунгі.

Судовыя разбіральніцтвы пачаліся яшчэ тыдзень таму, і суддзя райсуда Кастрычніцкага раёна зноўку апытаў дзяўчат, што яны рабілі непасрэдна перад затрыманнем. І чарговы раз накіраваў справу на дапрацоўку ў міліцыю.

На думку Наталлі Міхеевай, суддзя, суд проста не ў стане прыняць нейкае рашэнне:

– 12-га жніўня мы апынуліся сярод першых, хто выйшаў на знак нязгоды з гвалтам. Бо праз 12 гадзін у горадзе прайшлі мірныя акцыі, падобныя да нашай, але нікога больш не затрымлівалі. І людзей было куды больш. Мне здаецца, што мы проста трапілі ў першую хвалю з’явы, з якой яны цяпер не ведаюць, як змагацца.

Намеснік камандзіра звяна атраду АМАПу Лапаухаў
, які складаў пратаколы затрымання на дзяўчат, у суд не з’явіўся. Але ўсе яны з крыўдай і жахам прыгадваюць нават не момант затрымання і не паездку ў аўтазаку, а зняважлівае стаўленне ў аддзеле міліцыі Чыгуначнага раёна.

Гаворыць Насця Ермаловіч:

– Я пачула ў свой бок вельмі шмат нецэнзурнай лаянкі. І пыталіся ў мяне : “Колькі табе плацяць?” За што? І жанчыны здзекаваліся, абражалі, крычалі, што страляць нас трэба. Пагражалі мне пазногці шпаталем ці нечым яшчэ адпілаваць. І палохалі – паказвалі фотаздымкі прастрэленых ног хлопчыкаў…

Усяго ў Віцебску 12-га жніўня затрымалі больш як 20 жанчын і дзяўчат – удзельніц дзвюх акцый супраць міліцэйскага гвалту і фальсіфікацый вынікаў выбараў. І толькі ў гэтым абласным цэнтры на ўдзельніц мірных пратэстаў завялі адміністрацыйныя справы, і цяпер судзяць.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя