Памерла беларуская паэтка Надзея Артымовіч


Сёння ў Бельску Падляшскім пасля працяглай хваробы на 77-м годзе жыцця памерла беларуская паэтка Надзея Артымовіч.

Нарадзілася ў 1946 годзе ў Аўгустове пад Бельскам. Вырасла ў Бельску, да якога ставілася як да роднага горада і адводзіла яму шмат месца ў сваёй творчасці. 

Скончыла Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім, затым беларускую філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце. Пасля вяртання з вучобы працавала ў Бельскім доме культуры.

Дэбютавала ў беларускім тыднёвіку «Ніва» ў 1970 годзе. Яна была аўтарам некалькіх зборнікаў паэзіі, выдадзеных у Польшчы, а таксама зборніка «Дзверы», выдадзенага ў Мінску разам з беларускім паэтам Алесем Разанавым.

Жыла ў Бельску Падляшскім. Была сябрам Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», а з 1992 г. — таксама Аб’яднання польскіх пісьменнікаў. Узнагароджана залатым знакам «Заслужаны дзеяч культуры».

Калектыў Kamunikat.org выказвае шчырыя спачуванні ўсім родным і блізкім Надзі.


Відэа Беларускае Радыё Рацыя


Крыніца: Kamunikat.org