У Кракаве пройдзе сустрэча адразу з трыма беларускімі паэтамі


Віла Дэц’юса ў Кракаве па-ранейшаму збірае беларускіх літаратараў пад свой дах. 24 верасня тут адбудзецца сустрэча з трыма паэтамі, якія прадставяць свае кнігі – Настай Кудасавай, Артурам Камароўскім і Дзмітрыем Строцавым.

На гэтай сустрэчы Строцаў выступіць таксама ў якасці выдаўца, які раскажа пра свой выдавецкі праект, які ён распачаў у Берліне пры падтрымцы нямецкага выдавецтва Hochroth

- Адкрыў выдавецтва ў Берліне. Мяне гэта вельмі натхняе. Я выпусціў ужо шэсць кніг беларускай паэзіі. У рабоце яшчэ некалькі кніг. Увогуле ў нейкім сэнсе гэта самвыдат. Хоць, канешне, гэта зарэгістраваная арганізацыя, там ёсць пэўныя прынцыпы, гэта ўсё прадаецца ў крамах, але гэта вельмі-вельмі падобна на самвыдат.

Сустрэча адбудзецца 24 верасня. Пачатак а 15-й гадзіне. 

У праграме: 

–  прэзентацыя выдадзеных за апошнія гады ў эміграцыі кніг; 
–  мажлівасць набыць і падпісаць у аўтараў зборнікі; 
–  жывая гутарка з запрошанымі гасцямі. 

Удзел у спатканні бясплатны, але абавязковая рэгістрацыя, колькасць месцаў абмежаваная.

Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя