Пачалася прэс-канфэрэнцыя Сьвятланы Ціханоўскай у Вільні


Журналістка Sky News спытала Ціханоўскую, ці яна зьбіраецца вяртацца ў Беларусь. Ціханоўская сказала, што любіць сваю радзіму і хоча туды вярнуцца – і вернецца, калі будзе адчуваць сябе там у бясьпецы.

Карэспандэнт Deutche Welle спытаў, ці баіцца яна расейскага ўмяшаньня ў сытуацыю ў Беларусі, ужываньне ўзброенай падтрымкі. Ціханоўская ў адказ заклікала ўсе краіны сьвету паважаць сувэрэнітэт Беларусі.

Журналістка Lietuvos rytas спытала, ці стане Ціханоўская кандыдаткай, калі будуць новыя выбары. Ціханоўская адказала, што цяпер галоўная задача – дабіцца новых свабодных выбараў, пытаньне ейнага ўдзелу цяпер не стаіць.

На пытаньне Agence France-Presse аб тым, колькі часу можна працягваць пратэсты, Ціханоўская сказала: толькі час адкажа на гэтыя пытаньні, але беларуская нацыя ўжо ніколі ня зможа прыняць цяперашняе кіраўніцтва, дараваць і забыць той гвалт, які перажыў народ.

Журналіст BNS спытаў, якія санкцыі будуць найбольш эфэктыўныя супраць рэжыму Лукашэнкі. Ціханоўская падзякавала ўсім краінам, якія падтрымліваюць беларусаў, але не адказала на пытаньне.







Крыніца: Радыё Свабода