«Патрабуем неадкладнага вызваленьня Аляксандра Пашкевіча» - заява Фонду Kamunikat.org і Беларускага Гістарычнага Таварыства


Сярод затрыманых у Менску затрыманы таксама кандыдат гістарычных навук Алянсандр Пашкевіч які сярод іншага сябра Праграмнай Рады Фонду Kamunikat.org.
У сувязі з гэтым Управа Фонду Kamunikat.org ды Беларускае Гістарычнае Таварыства вырашылі зьвярнуцца з "Заявай - адкрытым лістом", якога зьмест публікуем ніжэй.
---------------------------------------
У Менску ды ў многіх іншых гарадах ад нядзелі 9 жніўня трываюць мірныя пратэсты жыхараў Беларусі супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Аляксандр Лукашэнка, які кіруе краінай з 1994 году, чарговы раз аб’явіў пра сваю перамогу, атрымаўшы быццам бы 80% галасоў выбаршчыкаў.

Абураныя беларусы выйшлі на вуліцы, каб мірным чынам абараніць свой голас. Дзеля зачысткі гэтых пратэстаў улады накіравалі міліцыю і вайскоўцаў узброеных ня толькі вадамётамі, гумовымі кулямі ці шумавымі гранатамі, але таксама агнястрэльнай зброяй. У выніку гэтых падзеяў паводле афіцыйных звестак беларускага Міністэрства ўнутраных справаў было затрымана больш за 5 тысячаў пратэстоўцаў. Многія зь іх утрымліваюцца ў жудасных умовах – па 40-50 асобаў у камерах прызначаных звычайна для 10-15. Дзясяткі пратэстуючых знаходзяцца ў шпіталях, сотні – зьвярталіся за мэдычнай дапамогай. На жаль, ёсьць таксама забітыя.

Сярод затрыманых у Менску -  таксама беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Пашкевіч – рэдактар часопісу ARCHE, намесьнік галоўнага рэдактара часопісу „Наша Гісторыя”. Алесь зьяўляецца таксама сябрам Праграмнай Рады Фонду Kamunikat.org. Як рэдактар часопісу ARCHE многія гады супрацоўнічаў зь Беларускім Гістарычным Таварыствам.

Алеся затрымалі ў нядзелю на выбарчым участку ў Менску, дзе ён быў незалежным назіральнікам. Паводле інфармацыяў, атрыманых у беларускім МУС, яго будуць судзіць за „хуліганства”. Кожны, хто ведае гэтага выдатнага прадстаўніка беларускай інтэлігэнцыі, ведае, што ён вельмі культурны чалавек і такую сытуацыя, у якой ён  быццам бы «чапляўся да людзей» немагчыма сабе ўявіць.

Мы салідарныя зь беларусамі незаконна затрыманымі беларускімі ўладамі.

Мы выказваем глыбокую занепакоенасьць грубым парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.

Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Аляксандра Пашкевіча, а таксама ўсіх іншых незаконна затрыманых у розных беларускіх гарадах падчас мірных пратэстаў.

Жыве Беларусь!

Магдалена Дэмбкоўска
, старшыня Праграмнай Рады Фонду Kamunikat.org
Яраслаў Іванюк
, Старшыня Ўправы Фонду Kamunikat.org
праф. Алег Латышонак
, Старшыня Беларускага Гістарычнага Таварыства


Крыніца: Фонд Kamunikat.org
Аляксандр Пашкевіч, фота Яраслаў Іванюк