Трэцяга траўня ў свеце адзначылі Сусветны дзень свабоды прэсы і свабоды выказвання.
Гэта гарантуе і Канстытуцыя Беларусі, і Міжнародны пакт грамадзянскіх і палітычных правоў, які ратыфікавала і Беларусь. Але, нягледзячы на гэта, беларускія журналісты зведваюць пераслед уладаў: адміністрацыйныя і крымінальныя справы, штрафы, папярэджанні і затрыманні. Некаторых з іх беларускія ўлады нават вымушаюць з’язджаць з краіны і прасіць прытулку ў замежжы.
Паводле Змітра Лупача з Глыбокага, які апошнім часам зведвае пастаянны і мэтанакіраваны пераслед уладаў, як бы цяжка не было, але пакуль ён не збіраецца з’язджаць з Беларусі.
– Пакуль не думаю, але і не хачу гарантаваць на 100 адсоткаў, што я нікуды не з’еду. Я разумею, што ў маім узросце ўжо з’язджаць няма сэнсу. З’язджаць не хацелася б усё ж. На гэтай зямлі жылі мае прадзеды, дзяды, а тут нейкая навалач прыйшла і хоча цябе выжыць з краіны. Нагадаем, сёлета на Змітра Лупача было складзена чатыры пратаколы за супрацу з тэлеканалам “Белсат”, па якіх адбыліся тры суды. Яшчэ адзін суд у Глыбокім яго чакае бліжэйшым часам. У мінулым годзе журналіста-фрылансера з Глыбокага суды штрафавалі чатыры разы за прафесійную дзейнасць. У індэксе свабоды прэсы Беларусь займае 153 пазіцыю з 180 краін.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Змітра Лупача
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя