«Выходзілі на шлях». Пра першую аповесць Аляксея Карпюка


…Прайсці праз пекла вайны, канцлагер, партызанку, цудам выжыць у баях за Берлін і пасля шпіталю трапіць у педагагічны інстытут, — хіба гэта не шчасце? Быццам у рай трапіць. Бо малады, хоць і зранены, хоць і нашпігаваны асколкамі, а ўсё ж жывы, шчаслівы, што жывы, што вакол аднаўляецца жыццё. І хоць нялёгка, бо і голадна, і холадна, а ўсё ж самае жудаснае перажыта. Так было ў жыцці Аляксея Нічыпаравіча Карпюка і ў жыцці героя ягонае першае аповесці «У адным інстытуце» Косці Грушэўскага.

Напачатку пра гісторыю напісання твора. Калі першы сакратар Сапоцкінскага райкама Яцкевіч «пад выглядам ачысткі кадраў ад непажаданага элементу ў пагранічным раёне» дамогся звальнення з працы непакорнага загадчыка райана Карпюка, таго накіравалі дырэктарам Біскупскай школы ў Ваўкавыскі раён. І хоць працы і тут было вельмі шмат (апрача асноўнае, педагагічнае, яшчэ і будаўніцтва школы, шматлікія грамадскія абавязкі, сакратарства ў калгаснай партарганізацыі), усё ж час для напісання аповесці можна было «урваць». Жаданне пісаць узнікла раней. З даваеннага часу меў Карпюк вернага сябра, літаратара Уладзіміра Калесніка, з якім падзяліўся сваёю задумаю. Той, як згадвае Карпюк, «пазнаёміў з Янкам Брылём. Першая сустрэча з Іванам Антонавічам так уразіла мяне, што я раптам адчуў сябе нічым у параўнанні з сапраўдным пісьменнікам. Мне здалося, што я задумаў немагчымае, і стала нават сорамна за свае нясціплыя жаданні. Але мінуў тыдзень-другі, і мяне зноў пацягнула да пісання. Тады я зрабіў для сябе важнае адкрыццё: гонар, незадаволенасць сабой, упартасць, нават у нейкай ступені злосць і зайздрасць — дабрадзейства для чалавека: яны могуць з цябе здабыць такое, чаго ты і сам ад сябе не спадзяешся» («Мая Джамалунгма»).

Той, хто ведае творы пісьменніка, хто чытаў ягоныя ўспаміны, не будзе здзіўлены такім паваротам, зменамі настрою Аляксея Карпюка. Упартасць, імкненне давесці пачатую справу да канца заўсёды рабілі яго непераможным. І на шляху пісьменніцкае працы таксама.

Але ж — першая аповесць. «Восень, 1945 год. Пабітыя педінстытуцкія шыбы закладзены фанерай. У аўдыторыях, замест крэслаў, — з грубых дошак лавы…». Гэта пачатак твора. Такім быў пачатак студэнцтва Косці Грушэўскага, у якім было шмат рамантычнага, узнёслага. Было каханне. Пісьменнік не абмяжоўваецца аповедам пра няпростыя адносіны героя з прыгажуняй Аняй Дубравінай, з аднакурснікамі, з кіраўніцтвам інстытута. У сюжэтную канву ўплецены ўспаміны пра мінулае, лёсы многіх людзей. Да прыкладу, пакручастыя жыцёвыя шляхі сям’і Раманюкоў. Праз столькі гадоў, калі многае з напісанага тады адкідаем без шкадавання, бо насычана фальшам, аповесць Карпюка чытаецца. Аўтару не толькі ўдалося перадаць атмасферу радаснага аднаўлення жыцця, але і пра адмоўнае, балючае напісаць даволі смела. Чамусьці ніхто з даследчыкаў ніколі не згадаў твор як прыклад юнацкае аповесці…

Цікава чытаць першы твор Аляксея Карпюка, параўноўваючы яго з адпаведнымі старонкамі ўспамінаў «Развітанне з ілюзіямі», дзе раскрываецца тое, пра што пісьменнік не мог напісаць у пяцідзясятыя гады. Аўтар паказвае задушлівую атмасферу даносаў, калі людзей скоўваў страх, бо ўсе ведалі пра штодзённы начны хапун. Тое, што адбывалася ў педінстытуце, пісьменнік назваў «Мафіяй НКУСаўцаў».

Асабліва пачварна выглядае постаць лейтэнанта Чыркова, выкладчыка кафедры марксізму-ленінізму, які «за нешта праштрафіўся ў НКУС і да нас трапіў невыпадкова. Хтосьці вырашыў, што ў педінстытуце зарадзіліся нездаровыя імкненні, і паслаў яго да нас на ўмацаванне педагагічных кадраў. Жах, які гэта быў чалавек. Абмежаваны. Нахабны. Неахайны ў вопратцы, са стаптанымі абцасамі, у ніколі не чышчаных афіцэрскіх ботах і ў такім жа галіфэ неакрэсленага колеру. Затое самаўпэўнены і настырны. Ён адразу пачаў цкаваць выкладчыкаў».

Ахвярамі гэтага монстра сталі многія. А першымі адукаваныя, прыстойныя, сумленныя выкладчыцы англійскай мовы Фаіна Квяткоўская і Марыя Мінц. Аўтар малюе сцэну партсходу, на якім гаспадарыць Чыркоў. Чаго варты ягоны зварот да рэктарату: «Безадказныя разгільдзяі, куды вы глядзіце?». А што кіраўнік установы адукацыі? Запратэставаў на гэтае жудаснае хамства? Ні слова ў адказ, калі Чыркоў «тыцнуў пальцам у абмярцвелага рэктара». НКУСавец прыводзіць цытату Сталіна пра пошук класавага ворага. Ягоны маналог поўніцца пагардай і нянавісцю да адукаваных калегаў: «Растапырыліся тут, панімаеш, самі і людзям дазволілі растапырыцца!.. Нічога, неўзабаве давядзём вас да кандыцыі, я за гэта вазьмуся! Развялі тут буржуазную гніль!.. А калі яна агентка ЦРУ і спецыяльна падасланая да нас?.. Шчэ трэба разабрацца, ці яна адна? Шчэ трэба прыгледзецца да яе абаронцаў. Напэўна, тут гняздо ў іх!..»

«Пад уладай чырковых» адбываюцца страшныя рэчы. Ва ўсім горадзе, ва ўсім Краі рэпрэсіі набіраюць моцу. Але — пра тое, што адбывалася ў адным інстытуце: «Нават сёння памятаю тую раніцу — жудасна-страшную, калі мы ў інтэрнаце раптам даведаліся, што яшчэ ўчора з пасады рэктара знялі нашага любімага Уласаўца́ і на яго месца прызначылі п’яніцу і нікчэмнасць. Мала таго, ноччу ў пакоях інтэрната… зрабілі ператрус, пасля чаго арыштавалі студэнтаў Кісяля, Старадубцава, Барэвіча, Матэчку, Пілецкага. А за імі забралі выпускнікоў — Смоліча, Чурылу, Майсеню і Генаша. Узялі Барэвіча, выкладчыка Гайдучыка ды яшчэ і яшчэ…» (Даведка: Уласавец Мікалай Васільевіч працаваў на пасадзе рэктара з 1944 па 1949-ы, пасля яго Малюкевіч Іосіф Мікалаевіч, адпаведна: 1949–1955).

З тых часоў у архіве Аляксея Карпюка засталося некалькі здымкаў. Неяк паказала іх на лекцыі слухачам УЗВ. На адным група філолагаў у час заняткаў. «Гэта мае бацькі», — азваўся адзін з маіх залатых студэнтаў… Успаміны аднакурсніка Аляксея Карпюка вартыя асобнага артыкула. А вось пра здымак выпускніка з букетам і дыпломам не згадаць нельга. Вельмі прыгожы малады чалавек, са смелым, адкрытым поглядам, у святочным гарнітуры, белай кашулі, пры гальштуку. І ўзнагароды часоў вайны. Захапленне, радасць, гонар (вось яно, маладое пакаленне, якое ўступае ў жыццё: адукаваныя, прыстойныя, сумленныя) выклікае здымак. Але, на жаль, гэта святочны бок падзеі, які не адлюстроўваў таго, што было насамрэч. Што тварылася ў сэрцы, у думках выпускніка педінстытута.

Зноў звяртаемся да старонак «Развітання з ілюзіямі». У беларускіх вёсках раней высока цанілі адукаваных людзей. Так было і на радзіме Аляксея Карпюка: «Атрыманне дыплома, аб якім у маёй вёсцы да вайны гаварылі як аб нечым недасяжным і магутным: ён бытта бы ўсюды для цябе адкрывае дарогу». Карпюку хапіла аднае размовы ў аблана, каб зразумець, як усё змянілася на гэтай зямлі. Як тое, што спрадвеку лічылася вялікай каштоўнасцю, пры новай уладзе дыскрэдытуецца, траціць сэнс: «Мяне аж перакасіла ад такога інструктажу, а дыплом здаўся звычайнымі вокладкамі з кардону, абклеенымі чорным дэрманцінам».

Фінал аповесці «У адным інстытуце» класічна аптымістычны. Здадзены выпускныя экзамены. Вясёлы гурт учарашніх студэнтаў накіроўваецца да Нёмана, які вабіць прыгажосцю, прахалодаю, таямнічасцю вечнага руху. Кудысьці далёка, наперад, да нейкае невядомае мэты імчыць магутная рака. «Гэтыя хлопцы і дзяўчаты таксама ўпарта імкнуліся да свае мэты. Зараз яны выходзілі на шлях, дзе іх жыццё будзе больш плаўным, упэўненым, шырокім». І як жа без пажадання: «Шчаслівай дарогі, сябры!»

Ведаем, што не стане яна шчаслівай. Што кінуты будуць гэтыя маладыя людзі ў самы вір «таго катаклізму, які зваліўся на мой край» («Развітанне з ілюзіямі»).

А што было тады, у тым далёкім 1953-ім, калі ў часопісе «Маладосць», дзякуючы Янку Брылю, была надрукава аповесць «У маладыя гады»? З гумарам апавядае пісьменнік пра радасныя пачуцці, што перапаўнялі душу маладога аўтара, і пра цалкам абыякавую рэальнасць, у якой гэтым пачуццям месца не было: «Пасля выхаду яе ў свет паехаў у Гродна. Падзеі аповесці адбываюцца ў гэтым горадзе, там жылі мае прататыпы, і мне чамусьці здалося, што ўвесь горад павінен святкаваць сваё ўвекавечанне і быць мне надта ўдзячны. Тым часам ішоў я з вакзала па вуліцы Ажэшкі і з расчараваннем бачыў, што і дамы́ гэтаксама стаяць, як раней, і гэтаксама бягуць па тратуарах заклапочаныя людзі».

А далей зачын да таго, што застанецца па-за «Маёй Джамалунгмай». Не абавязкова, каб такое было насамрэч, але быць магло:

«Ля піўнога ларка стаяў мой сябар — адзін з герояў аповесці.

— Валодзя, здароў! — крыкнуў я з пераможнай радасцю.

— А, гэта ты? — чамусьці нахмурыўся сябар і адставіў куфар з півам. — Дык што ты там на мяне набрахаў у кніжцы?..

І пачаў закасваць рукавы»…

Альжбета Кеда, "Новы час"

Аляксей Карпюк
нарадзіўся 14 красавіка 1920 года ў вёсцы Страшава каля Гарадка (цяпер Беластоцкае ваяводства, Польшча), памёр 14 ліпеня 1992-га ў Гродна. Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч.

Скончыў сямігодку, вучыўся ў польскай гімназіі ў Вільні. У 1939 годзе паступіў у Наваградскае педвучылішча. У гады Другой сусветнай вайны пайшоў у партызаны, трапіў у палон. У 1943 годзе ўцёк з лагера, арганізаваў партызанскі атрад. Пазней прымаў удзел у вызваленні Варшавы, Познані, штурмаваў Берлін. Пасля вайны паступіў на факультэт замежных моў Гарадзенскага педінстытута. Працаваў загадчыкам райана ў м. Сапоцкіна, дырэктарам школы на Ваўкавышчыне, у Гродзенскім педінстытуце, у рэдакцыях газет, загадчыкам агенцтва “Інтурыст” у Гродне, дырэктарам Музея атэізму і гісторыі рэлігіі, а з 1978 года ўзначальваў Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў…

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам польскага ордэна «Віртуці Мілітары». Заслужаны работнік культуры БССР (1980). Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа (1986) за кнігу «Сучасны канфлікт».


Крыніца: Новы час