Праект “Vitebsk ON”: як правесці час у самаізаляцыі з карысцю


Віцебская культурніцкая ўстанова Vitebsk4me распачала новы праект, каб наладзіць стасункі паміж адмыслоўцамі і тымі, хто можа быць зацікаўлены ў іхнай дзейнасці або творчасці.

У тых, хто знаходзіцца ў рэжыме самаізаляцыі або проста часцей бывае дома, з’явілася магчымасць для наведвання віртуальных сустрэч на розных інтэрнэт- платформах, якія арганізуюцца ў межах “Vitebsk ON”, кажа каардынатарка праекта Вікторыя Фаміна:

– Частка ў ZOOM’е праходзіць – гэта цяпер найбольш прыдатная платформа для стрымаў, для арганізацыі канферэнцый. Частка адбываецца ў Instagram у тых людзей, якіх мы запрашаем. Галоўнае – інфармаваць, дзе які эфір сёння, бо ўжо да 20-х лікаў траўня ўсё распланавана.

Іншым разам цягам дня адбываецца адразу некалькі інтэрнэт-трансляцый, увогуле ж іх запланавана 50. Самыя першыя сустрэчы, якія праходзяць гэтымі днямі, – гэта трэнінгі і практыкумы з псіхолагамі, якія дапамагаюць людзям перажыць хваляванні, звязаныя з эпідэміяй каронавірусу. Шмат увагі аддаецца і спартовым заняткам, а таксама знаёмству з людзьмі, якія маюць незвычайныя прафесіі або хобі. За раскладам праекта можна сачыць у сацыяльных сетках установы Vitebsk4me.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя