Берасцейская крама “Князь Вітаўт” далучылася да дабрачыннай дзейнасці


Дапамагчы медыкам Берасцейскай вобласці прапануюць праз платформу Мола-Мола. У сувязі з Ковід-19 прадстаўнікам медычнай сферы не хапае сродкаў індывідуальнай абароны, у тым ліку, масак, бахілаў, антысептыкаў і пальчатак.

– Супрацоўнікі крамы “Князь Вітаўт” праявілі ініцыятыву, каб падтрымаць людзей, якія дапамагаюць іншым змагацца з каронавіруснай інфекцыяй. У звароце гаворыцца пра тое, што бясплатна ўжо раздадзена каля пяці соцен масак. Але фінансавай дапамогі ніколі не бывае дастаткова — сродкі гігіены патрабуюцца штодня.

Пры зборы мінімальнай сумы будзе падрыхтаваны неабходны набор сродкаў індывідуальнай абароны. Іх перададуць у медычную ўстанову Берасцейскай вобласці, якая заявіць такую патрэбу. Пакуль сабрана 25 рублёў з неабходных трох тысяч. Пра ход дабрачыннай кампаніі ініцыятары абяцаюць інфармаваць праз сацыяльныя сеткі.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя