У Пінску выйшаў другі пасмяротны зборнік Анатоля Шушко


Папаўненне беларускай літаратурнай палічкі. У Пінску свет пабачыў другі пасмяротны зборнік Анатоля Шушко “Паэзія – душы маёй суладдзе”.

Выданне змяшчае вершы, якія не ўваходзілі ў папярэднія зборнікі. Пры жыцці ён выдаў дзве кнігі і столькі ж пасля ягонай смерці ўклалі сябры.

Крытык, літаратар Валерый Грышкавец адзначыў, што пры жыцці творчаму поспеху Анатоля Шушко замінаў ягоны характар:

– І як гэта не крыўдна, ён адзін з самых недаацэненых паэтаў нашага часу, гэта насамрэч так. У многім сам Шушко вінаваты са сваёй натурай, асабліва цяпер гэта бачна. Шушко сапраўдны, вялікі талент, ён ведаў сабе цану, ведаў цану таго, што ён зрабіў і робіць.

Анатоль Шушко заўчасна памёр у лістападзе 2018 года. Ён рэгулярна друкаваўся ў часопісах “Полымя”, “Беларусь”, “Маладосць” і “Нёман”. У 2012 годзе атрымаў дыплом II ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор у галіне паэзіі”.

Беларускае Радыё Рацыя


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя