У Гродне вуліцу 3 Мая перайменавалі ў 1 Мая

Прафесар Вячаслаў Швед: У Гродне вуліцу 3 Мая перайменавалі ў 1 Мая


Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 Мая была прынята ў Варшаве ў 1791 г., а адменена ў Гродне ў 1793 г.

3 Мая — дзяржаўнае свята Польшчы, Дзень Канстытуцыі. Яно адзначаецца ў памяць пра асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты Чатырохгадовым сеймам 3 мая 1791 г. у Варшаве, які змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай з абмежаванай манархіі на канстытуцыйную. Дзеянне Канстытуцыі распаўсюджвалася і на беларускія землі Рэчы Паспалітай.

Канстытуцыя 3 Мая, або ў арыгінале Ustawa Rządowa, была першым у Еўропе і другім у свеце (пасля Канстытуцыі ЗША) кадыфікаваным асноўным законам, зафіксаваным пісьмова. Канстытуцыя замацоўвала падзел улады на тры галіны — як прынята і цяпер у свеце. Аднак 23 лістапада 1793 г. дзеянне Канстытуцыі і створаных на яе аснове органаў улады было скасавана рашэннем Гродзенскага сейма Рэчы Паспалітай.

Канстытуцыя 3 Мая стала легендарнай для сучаснікаў і нашчадкаў, бо разглядалася як апошняя надзея выратаваць Рэч Паспалітую ад гібелі, як сімвал справядлівасці і незалежнасці краіны.

Вячаслаў Швед, доктар гістарычных навук, прафесар, выкладчык кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, даследчык грамадска-палітычнага жыцця Беларусі канца XVIII — першай паловы ХІХ ст., гісторыі Гродна: — Прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 г. стала адным са сродкаў спынення распаду Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя 3 Мая дзейнічала нядоўга. Гэта было звязана з інтэрвенцыяй у 1792 г. Расійскай імперыі, а ў 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя 3 Мая дзейнічала нядоўга — у юрыдычным сэнсе, а  ў прававым практычна не паўплывала на лёс Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя 3 Мая ўмацоўвала залежнасць зямель ВКЛ ад Каралеўства Польскага, што, магчыма, паўплывала на ўспрыманне гэтага акта ў сучаснай Беларусі. Але памятаць пра гэту з'яву нашай агульнай гісторыі мы павінны. У Гродне ў 1920-1930-я гады існавала вуліца 3 Мая. Яна існуе і цяпер, але пад іншай назвай — 1 Мая.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё
Крыніца: Беларуская рэдпкцыя Польскага Радыё
Прафесар Вячаслаў Швед