Рэканструкцыю абароны Берасцейскай крэпасці адмянілі


Рэканструкцыі абароны Берасцейскай крэпасці 22 чэрвеня сёлета не будзе. Прычына — эпідэміялагічная сітуацыя.

Рэканструктары з іншых краінаў не змогуць прыняць удзел у масавым мерапрыемстве, паколькі большасць межаў застаецца зачыненай:

– Рашэнне аб адмене прымалі мясцовыя выканаўчыя ўлады. Яны лічаць, што куды важней захаваць здароўе насельніцтва. Альтэрнатывы, як правесці гэты дзень, пакуль не прапаноўваецца.

Рэканструкцыя падзеяў 22 чэрвеня, як і святкаванне 9 траўня, у Берасці даўно стала традыцыяй. Але эпідэміялагічная сітуацыя сёння не дазваляе яе прытрымлівацца.

Раней такога кшталту мерапрыемствы збіралі тысячы наведвальнікаў і ўдзельнікаў з такіх краінаў як Беларусь, Расея, Кітай, Літва, Латвія, Украіна ды так далей.

Такім чынам, дзясятая юбілейная рэканструкцыя пераносіцца на наступны год. Запланаваць імпрэзу з удзелам выключна беларускіх клубаў таксама не атрымалася.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя