“Гібель чалавека на вытворчасці – гэта надзвычайнае здарэнне”


28 красавіка ўсе працоўныя адзначаюць Міжнародны дзень аховы працы, які быў заснаваны для таго, каб прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да штогадовай гібелі людзей на працоўным месцы.

Пра тое, як рапарты беларускай дзяржавы пра поспехі ў ахове працы супадаюць з рэальнасцю і міжнароднымі аглядамі, пагаворым разам з «Госцем Рацыі», старшынём Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандрам Бухвоставым.

РР: Што Міжнародны дзень аховы працы азначае для вашага Прафсаюза металістаў і ўсяго Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў?

Аляксандр Бухвостаў
: Раней 28 красавіка мы адзначалі як Дзень памяці загінулых на вытворчасці. У Беларусі, як і ва ўсім свеце, сітуацыя з пытаннямі аховы працы крытычная. Гіне на вытворчасці шмат людзей. Па ацэнцы МАП, каля 2 – 2.3 млн чалавек штогод гіне ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці. У сярэднім 6 тысяч чалавек штодзень. Гэта вельмі шмат, асабліва зараз, калі мы гаворым пра пандэмію. Пандэмія – гэта часовая сітуацыя, а пытанне арганізацыі працы – гэта пастаяннае пытанне. Таму і міжнародныя арганізацыі працы канстатуюць, што недастаткова працадаўцы надаюць увагі арганізацыі працоўных месцаў, выкананню канвенцый МАП.

РР: Зараз многія вымушаныя працаваць ва ўмовах пандэміі. Сустракаюцца выпадкі заражэння на працы медыкаў і не толькі. Якія тэндэнцыі па ахове працы ва ўмовах пандэміі праглядаюцца зараз на міжнародным полі аховы працы і ў Беларусі?

Аляксандр Бухвостаў
: Зараз МАП распаўсюдзіла дакумент, дзе яна выказвае свае патрабаванні да арганізацыі вытворчасці ва ўмовах пандэміі. Мы падтрымліваем патрабаванне, каб захворванне медыцынскіх работнікаў COVID-19 прызнавалася як прафесійнае захворванне. Бо не была гатовая наша сістэма аховы здароўя, як і многіх іншых краін, да такой сітуацыі. Шмат людзей захварэла і нават загінула. З другога боку, любое захворванне нясе ўскладненні ў арганізме. Таму, напрыклад, такая краіна як Уругвай, ужо запісала ў спіс прафесійных захворванняў захворванне COVID-19 для медработнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя