Акцыі ў падтрымку Банцэра


Вядомы музыка і актывіст Ігар Банцэр знаходзіцца за кратамі ў турме Гародні з кастрычніка 2020 года, калі яго затрымалі за ўдзел у вулічным перформансе.

Па словах яго сябра і музыкі Аляксандра Ката, музыкі не забываліся пра свайго вакаліста і ладзілі акцыі падтрымкі:

– На пачатковым этапе менавіта ад групы “Містэр Х” мы ў рамках падтрымкі свайго вакаліста і сям’і вырашылі выпусціць эксклюзіўны актуальны мерч. Там былі значкі, кубкі, цішоткі. І разыходзілася гэта без вызначанага цэнніка, то бок кожны, хто колькі палічыў важным і патрэбным заплаціць. Грошы ішлі на сям’ю, на Ігара.

Па словах музыкі акцыі ў падтрымку Банцэра адбываліся і за мяжой:

– Нашы сябры з Германіі вельмі шчыльна ўзяліся за пытанне.Падчас матчу гамбургскага клубу “Санкт-Паўлі” быў вывешаны вялікі банер на трыбунах “Вызваліце Банцэра!” Аматары вулічнай творчасці рабілі графіці на сценах. Да таго ж немцы арганізавалі ў Інстаграме старонку з інфармацыяй у падтрымку.

24 лютага Ігар Банцэр адзначаў дзень народзін, і менавіта ў гэты дзень стала вядома дата яго суду. Ігара будзе судзіць 3-5 сакавіка 2021 года ў судзе Ленінскага раёна суддзя Наталля Козел, якая ўжо неаднаразова “выпісвала” штрафы гарадзенскім актывістам і журналістам.

Беларускае Радыё Рацыя
Фота hrodna.life

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя