Аблава на смаргонскіх актывістаў


Увечары 19 лютага па Смаргоні пракацілася хваля затрыманняў. Відавочна, па нядаўняму выпадку ў судзе. Напачатку было вядома пра затрыманне Рамуальда Улана і Людмілы Сульжыцкай.

Ілля Петуноў у 16-00 панёс нейкую скаргу ў РАУС і не вярнуўся, быў там і затрыманы.

Супрацоўнікі міліцыі таксма прыходзілі за Русланам і Любоўю Валюкамі. Дзяўчыны дома не было, а пра Руслана маці сказала, што яму дрэнна, выклікае яму хуткую.

Затрыманы яшчэ Яўген Новік і Сяргей Трай.  Ёсць звесткі, што на затрыманых складаюць пратаколы па арт. 23.34 КаАП.

Нагадаем, суд Смаргонскага раёна 18 лютага абвесціў прысуд у крымінальнай справе Руслана Валюка і Інэсы Маркавай, якіх абвінавацілі ў паклёпе на супрацоўнікаў міліцыі.

Валюку прысудзілі два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, Маркавай – два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”).

Пасля абвяшчэння прысуду ў калідоры нехта крыкнуў “Жыве Беларусь!”, у адказ пачулася дружнае “Жыве!”. Адразу ж старшыня суда Людміла Пятрова забараніла дзяжурнаму міліцыянеру выпускаць з суда прысутных, а сама выклікала міліцыю. У будынку заблакавалі каля 20 чалавек. Частка іх збегла праз вакно, а дзевяць чалавек, якія засталіся ў судзе, павялі ў мясцовы РАУС.
Крыніца: ПЦ «Вясна»