Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з «плошчы Перамен»


У судзе Фрунзэнскага раёну Менску судзьдзя Натальля Бугук вынесла выракі журналісткам тэлеканалу «Белсат» Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай) і Дар'і Чульцовай.

Абедзьвюм журналісткам прысудзілі па 2 гады разбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Акрамя пазбаўдення волі, Бугук прысудзіла залічыць час пад вартай (1 дзень як 1 дзень калёніі), забраныя нататнікі, налепкі, тканіна — знішчыць, апаратуру — канфіскаваць.

«Абвінавачаная, ці зразумелы вам прысуд?» — спытала судзьдзя.

«Не, што гэта?» — адказала Кацярына Андрэева.

«А чаму не 25 год?» — спытала Чульцова, паведамляе «Белсат».


18 лютага ў дзень абвяшчэньня выраку журналісткам падтрымаць іх прыйшлі каля 40 чалавек. У Фрунзэнскім судзе зноў было шмат міліцыянтаў.

Пракурор Аліна Касьянчык патрабавала для журналістак тэлеканалу «Белсат» па 2 гады зьняволеньня. Адвакаты казалі, што ў судзе абвінавачаньне не прадставіла ніводнага доказу віны падсудных.

Журналісткі ў апошнім слове заявілі пра палітычную матываванасьць справаў супраць іх.

Кацярына Андрэева
запатрабавала вызваліць ня толькі яе і Чульцову, але і ўсіх палітвязьняў.

Адвакат: гэта абсурдны суд


Адвакат Сяргей Зікрацкі лічыць, што любыя справы, якія ўзбуджаюцца ў сувязі з акцыямі пратэсту, абсалютна незаконныя, бо грамадзяне рэалізуюць сваё права на мірны пратэст.

«І гэта ня можа разглядацца, як учыненьне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», — сказаў Зікрацкі.

Сытуацыю з судом над Андрэевай і Чульцовай Зікрацкі назваў абсурднай.

«Журналісты проста асьвятлялі акцыю пратэсту. Мы ўсе бачылі гэты стрым і тыя фразы, якія былі пакладзеныя ў аснову абвінавачаньня. Гэта фразы, у якіх журналіст проста апісвае тое, што адбываецца на вуліцы».

Муж Андрэевай: журналісты мусяць нарэшце разьдзяўбсьці тэрарыстычны рэжым

Муж асуджанай журналісткі Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш пасьля выраку жонцы сказаў, што рашэньне судзьдзі Натальлі Бугук укладаецца ў бягучую тэндэнцыю, апошнім часам «судзьдзям нельга пярэчыць пракурорам».

Паводле Ільяша, пракуратура, па прамым указаньні генпракурора Андрэя Шведа арыентуецца на максымальныя выракі ў палітычных справах, бо рэжым вельмі баіцца праўды.

«Цяпер мы — журналісты — мусім даваць яшчэ больш фактаў і яшчэ больш праўды, каб нарэшце разбамбіць, разьдзяўбсьці гэты тэрарыстычны рэжым», — сказаў Ігар Ільяш.

І муж Кацярыны Андрэевай, і бацькі палітзьняволенай ужо напісалі заявы на спатканьне з асуджанай журналісткай.

Журналісткі тэлеканалу «Белсат» знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Іх вінавацілі паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Андрэеву і Чульцову затрымалі ў адным з дамоў на «плошчы Пераменаў», калі яны вялі жывую трансьляцыю разгону мітынгу ў памяць аб загінулым Рамане Бандарэнку 15 лістапада.

Праваабаронцы прызналі журналістак Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву палітзьняволенымі.





Крыніца: Радыё Свабода