Юбілейныя „Сустрэчы „Зоркі” перанесеныя


„Сустрэчы „Зоркі”, якія традыцыйна праходзілі ў чэрвені, адтэрмінаваныя з-за пандэміі каронавіруса. Сёлета гэтаму мерапрыемству спаўняецца 25 гадоў.

Як паведаміла рэдактарка „Зоркі” і арганізатарка „Сустрэч” Ганна Кандрацюк-Свярубская, сустрэчы з маладымі журналістамі „Зоркі” пройдуць у другой палове кастрычніка:

– Трэба адтэрмінаваць імпрэзу. Яна адбудзецца ў другой палове кастрычніка. Хачу паінфармаваць вучняў 8-х класаў, якія заканчваюць сваю прыгоду з „Сустрэчамі “Зоркі”. Нават калі яны будуць ужо ліцэістамі ці пойдуць у тэхнікум, яны атрымаюць запрашэнне, бо цягам года супрацоўнічалі.

“Зорка” дзіцяча-моладзевы дадатак тыднёвіка „Ніва”. Чакаецца, што ў кастрычніку дзеці і моладзь , якія вывучаюць беларускую мову з Беластока, Бельска-Падляшскага, Міхалова, Нараўкі і іншых падляшскіх мясцовасцяў змогуць сустрэцца на юбілейнай „Сусрэчы „Зоркі”. Мэта такіх сустрэчаў – падвышэнне журналісцкага майстэрства сярод аўтараў “Зоркі”. Сустрэчы ладзіць Праграмная Рада тыднёвіка „Ніва”.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя