«Вясна» адзначыла 24-годдзе


26-га красавіка Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначыў сваё 24-годдзе.

У гэты дзень у 1996 годзе ў Беларусі прайшоў буйны Чарнобыльскі шлях, падчас якога было затрымана шмат яго ўдзельнікаў. Тады ж супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча пачалі дапамагаць рэпрэсаваным.

«У той час мы думалі, што гэтая праца працягнецца адзін-два гады – і памыліліся», – адзначае Алесь Бяляцкі, які на той час працаваў у музеі, а зараз з’яўляецца старшынёй «Вясны».

За гэтыя часы шмат што мянялася, але «Вясна» працягвае сваю дзейнасць:

– Мы ўдзельнічаем у самых разнастайных кампаніях, у такіх як кампанія «Без права на расправу» – гэта супраць пераследу і супраць знявагі людзей у месцах несвабоды. Мы працягваем сваю кампанію супраць смяротнага пакарання. Мы спрабуем фіксаваць гісторыю, тое, што адбываецца вакол нас, тое, што звязана і з правамі чалавека, і з лёсам ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Я маю на ўвазе нашую бібліятэчную серыю «Беларуская турэмная літаратура».

«Вясна» дапамагае ахвярам палітычнага пераследу, а таксама актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці Беларусі. На яе базе створана Валанцёрская служба Вясны, а таксама пляцоўка «Тэрыторыя правоў», якая дае магчымасць бясплатнага правядзення мерапрыемстваў на праваабарончую і грамадскую тэматыку.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя