Сталінскія расстрэлы ў Віцебску: статыстыка і праўда жыцця


Ігар Станкевіч, даследчык сталінскага тэрору на Віцебшчыне, прэзентаваў вынікі сваёй працы: ён сістэматызаваў звесткі пра ахвяраў сталінізму, расстраляных у Віцебску і ваколіцах горада.

Прэзентацыя праходзіла ў межах кампаніі “Забітыя, але не забытыя”, і адбылася ў віртуальным фармаце, праз Skype, бо ва ўмовах эпідэміі каронавірусу сустракацца ў рэале не пажадана.

Усе, хто далучыўся да прэзентацыі, змаглі даведацца, хто былі па нацыянальнасці тыя людзі, якіх расстралялі па надуманым абвінавачанням у шпіянажы або антысавецкай агітацыі, дзе яны працавалі, з якіх раёнаў паходзілі, калькі часу правялі за кратамі.

На думку Ігара Станкевіча, такія звесткі ведаць сёння неабходна:

- Людзей заўсёды больш цікавяць гісторыі, чымсьці лічбы. А калі ма пачынаем разглядаць лёсы канкрэтных людзей, якія прайшлі праз гэтыя сталінскія жорны, то спрачацца з гэтым ужо не магчыма – казаць, што сталінскіх рэпрэсій не было, або яны былі не такімі маштабнымі. Тут ужо ўключаецца іншая логіка і іншая аргументацыя.

Паводле гісторыка Ігара Кузняцова, які таксама далучыўся да прэзентацыі, звесткі пра ахвяраў сталінізму характарызуюць канкрэтны рэгіён. І хаця глабальных адрозненняў няма, выглядае, што НКУСаўцам даводзілі планы па знішчэнні “ворагаў народу”у Менску або ў Віцебску:

– Па сацыяльным паходжанні сялян, расстраляных увогуле па БССР, было 51%, у Менску 58%, у Віцебску 72%. Рабочых па БССР – 30%, у Менску 16%, у Віцебску 10%. Па інтэлігенцыі па БССР 15%, у Менску 15%, у Віцебску 12% расстраляных.

Разлікі Ігара Станкевіча паказваюць, што сярод расстраляных у Віцебску больш за ўсё было беларусаў, палякаў і латышоў. Што большасць ахвяраў мелі пачатковую або нясконсаную пачатковую адукацыю, што расстрэлы ў Віцебску і ваколіцах распачаліся ў жніўні 1937-га і скончыліся ў студзені 1939-га.

Даследчык прааналізаваў персанальныя звесткі з “Адкрытага спісу” – абагульненай базы рэпрэсаваных. Вядома, што гэты спіс далека не поўны, і што даведацца ўсе імёны і прозвішчы можна быдзе толькі тады, калі будуць рассакрэчаны архівы КДБ.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя