Турыстычныя скарбы, схаваныя ў беларускай глыбінцы


У беларускіх раёнах схавана яшчэ шмат турыстычных скарбаў, якія можна разгледзець якраз у часы, калі межы для вандроўнікаў закрытыя. І, між іншым, даведацца, што пандэміі пакінулі свой след на нашай зямлі задоўга да прыходу COVID-19.

„Госць Рацыі”
– вядомы краязнаўца паўночнага захаду Беларусі, даследчык міжваеннай прэсы і гісторык з энцыклапедычнымі ведамі пра мінулае такіх мястэчак як Глыбокае, Докшыцы, Мёры і больш дробных паселішчаў – Кастусь Шыталь.

Спадар Кастусь прапанаваў паглядзець на цікавосткі нашага краю, на іх маленькую частку. Магчыма зараз, калі межы закрытыя, беларускі турыст ці аматар даўніны зверне ўвагу на свае скарбы, тым больш, што месцы гэтыя амаль бязлюдныя і сацыяльную дыстанцыю выконваць тут даволі проста. Асабліва цікава тое, што беларуская гісторыя захоўвае памяць пра пандэмію не толькі ў фальклоры.

Спадар Кастусь паказаў невядомую шырокай публіцы каплічку, узведзеную, каб бараніцца ад эпідэміі халеры сярэдзіны 19 стагоддзя. Ад яе памерла тады пад мільён жыхароў былой Расейскай імперыі. Моцны ўдар быў нанесены па Віленскай і Гарадзенскай губернях.

РР: Едзем ва ўрочышча Валасатка. Капліца, што на мяжы леса і поля, уражвае. Аўтэнтычная забудова і скульптуры, бязлюддзе, зарослыя парэшткі хат. Але ўнутры капліцы на абрусе стаіць свечка, ляжыць велікоднае яйка і кавалачак куліча.

Кастусь Шыталь: Гэта невялікая прыдарожная капліца пастаўлена на ўскрайку вёскі, але ў ёй магло і некалькі чалавек на малітву збірацца. Яе паставілі ў 1848 годзе, калі бушавала эпідэмія халеры. І тады вяскоўцы, просячы Бога пра абарону ад хваробы, паставілі гэтую капліцу. Пра гэта сведчыць надпіс на капліцы. Унутры ў гэтай драўлянай каплічцы знаходзяцца тры фігуры – гэта Крыж з фігурай распятага Хрыста, Святая Марыя і Апостал Ян.

РР: Сама вёска, што з ёй сталася? Дзе яе жыхары? І, дарэчы, капліца ў сапраўды дагледжаным стане. Хто за ёй наглядае?

Кастусь Шыталь: Вёска гэта існавала як мінімум з 17 стагоддзя. Але скончыла існаваць у канцы 20-га. Яшчэ людзі, якія нарадзіліся ў Валасатцы, жывуць зараз у іншых вёсках. І адзін з былых яе жыхароў зараз жыве ў вёсцы Краснае Бярэзіно і ён рэгулярна прыязджае і даглядае гэтыя сакральныя аб’екты: капліцу на адным канцы вёскі і Крыж з распяццем – на другім канцы.

Гутарыў Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота © Кастусь Шыталь
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя