Сяргей Тарасаў: Усе спадзяваліся на музеефікацыю гэтай тэрыторыі


У Полацку працягваюць гучаць пратэсты супраць будаўніцтва каля Сафійскага сабора кадэцкай вучэльні.

Абурэнне гэтае будаўніцтва выклікала і таму, што раней былі распрацаваны некалькі праектаў музеефікацыі гэтай тэрыторыі так званага Верхняга Замка. Пра адзін з такіх праектаў, які быў распрацаваны пад кіраўніцтвам Уладзіміра Цялежнікава, расказаў гісторык, археолаг і пісьменнік Сяргей Тарасаў:

– Уладзімір Цялежнікаў палачанін, ён былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12 і 13 скліканняў. Ён тэхнік, а вось разам з рэстаўратарамі і архітэктарамі зрабіў план-рэканструкцыю Верхняга Замка ў Полацку. Ён мяне браў у якасці кансультанта, я не зусім згодны з тым, што ён прапаноўвае, шмат хібаў, але ўсё ж такі, гэта нейкая прапанова музеефікацыі Верхняга горада.

Учора, 15 траўня, Полацак наведаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён пацікавіўся таксама ходам будаўніцтва кадэцкай вучэльні. Некалькі тыдняў на гэтым аб’екце няма істотных зрухаў з-за адсутнасці фінансавання. Па гэтай жа прычыне не вырашана пытанне з правядзеннем археалагічных раскопак.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Віталія Шарстука

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя