75 гадоў трагічным падзеям у вёсцы Патока на Беласточчыне


16 траўня спаўняецца 75 гадоў з дня трагічных падзеяў у вёсцы Патока на Беласточчыне.

У гэты дзень швадрон пад камандаваннем Зыгмунта Блажэевіча (мянушка “Зыгмунт”) 5-й віленскай брыгады Арміі Краёвай, якой камандаваў Зыгмунт Шэндзеляж („Лупашка”), расстраляў 4-х жыхароў вёскі – братоў Яна і Уладзіміра Малашэўскіх і таксама Яна і Уладзіміра Бэкішаў (бацька і сын).

Дзеля ўшанавання памяці бязвінна загінулых у Патоцы прадпрымальнік Андрэй Шум пабудаваў тут капліцу.

– Гэта будзе памяць гэтаму святому месцу, дзе стаяла царква, а таксама памяць жыхарам Патокі, нявінным людзя, забітым “выклятымі жаўнерамі” пад камандаваннем „Лупашкі”. Гэтая трагедыя ніколі не была забытая. Людзі заўсёды пра гэта памяталі. Найбольш памяць належыць тым нявінным людзям, якія загінулі за тое, што вызнавалі праваслаўную веру, размаўлялі па-беларуску. Ім належыць памяць, а не тым, хто іх забіваў.

Гэты аддзел прыехаў у Патоку 22 траўня 1945 года. Тады салдаты „Лупашкі” цалкам спалілі вёску. У пажары загінула трое дзяцей і дарослы мужчына. Ужо некалькі год запар 22 траўня жыхары Патокі разам мясцовым святаром Аляксандрам Аляксеюкам моляцца тут за бязвінна загінулых.

Варта дадаць, што маёр Зыгмунт Шэндзеляж („Лупашка”) быў прыгавораны да смяротнага пакарання судом народнай Польшчы. Пасля змены палітычнага ладу, прысуд быў адменены, а Зыгмунт Шэндзеляж („Лупашка”) трапіў у пантэон “выклятых жаўнераў” антыкамуністычнага супраціву.

З 2018 году ў Беластоку па ініцыятыве райцаў ад „Права і Справядлівасці” назвалі адну з вуліцаў гораду ў гонар “Лупашкі”.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя