Міліцыя не дала сустрэць Андрэя Зуева з-пад арышту


Увечары 15 траўня наваполацкі актывіст Народнай Грамады выйшаў пасля 7 сутак арышту, прысуджанага яму за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Сустракаць Андрэя Зуева да мясцовага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў прыйшлі аднапартыйцы і жонка.

Але міліцыянты патаемна вывезлі Андрэя, распавяла ягоная жонка Таццяна Зуева:

– Сказалі, што будуць удакладняць, калі яго выпусцяць, ці можна перадаць яму рэчы. А потым паведамілі, што выпусцілі нядаўна праз іншы выхад. Мы вырашылі пачакаць і ўбачылі, як пад’ехала міліцэйская машына, заехала з задняга двара. А потым высветлілася, што Андрэя адвезлі дадому.

У сям’і Андрэя і Таццяны – чацвёра дзяцей, ключоў ад кватэры і мабільнага тэлефонаў бацькі пры сабе не было, а дзецям загадана нікому не адчыняць дзверы. Таму “дабрачыннасць” міліцыянтаў была вельмі недарэчнай. Сябры і жонка тэрмінова паехалі дадому, дзе і адбылася сустрэча.

Падчас сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім выказванні Андрэя Зуева былі вельмі вострыя: ён раскрытыкаваў сістэму кіравання Аляксандра Лукашэнкі і дзейнасць урада. Актывіст кажа, што і цяпер, пасля арышта, гатовы паўтарыць тыя самыя словы:

– Я ад сваіх словаў не адмаўляюся, гэта маё меркаванне, і я яго мяняць не буду. Калі мяне спытаюць яшчэ раз, я магу паўтарыць. Гэта маё меркаванне, і я буду яго адстойваць. Не трэба баяцца, трэба выходзіць і гаварыць. Усіх не пасадзяць! Будзем змагацца, і ўсё ў нас мусіць атрымацца. Odtwarzacz muzyki

Адразу пасля арышту Андрэй Зуеў атрымаў дакументы на ўдзел у ініцыятыўнай групе наваполацкага “кандыдата пратэсту” Юрыя Касача, які падаў дакументы на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах.

Пакаранні ж за размовы з блогерам Ціханоўскім на Полаччыне, падобна, не апошнія: 21 і 22 траўня зноўку адбудуцца судовыя працэсы над тымі, хто задаваў вострыя пытанні пра сучасную беларускую рэчаіснасць.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя