Другі суд у Віцебску за гвалт над міліцыянтамі. Без журналістаў


У віцебскім судзе Кастрычніцкага раёна распачаўся суд над Аляксандрам Кірыленкам, якога вінавацяць за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі.

6 верасня
, падчас сутычкі паміж удзельнікамі мірнай акцыі пратэсту і міліцыянтамі, 33-гадовы праграміст заступіўся за дзяўчыну, якую памкнуўся ўдарыць дручком міліцыянт патрульна-паставой службы Юрый Валейчанка.

Суддзя Іна Грабоўская абмежавала колькасць прысутных падчас працэсу. Спачатку загадала пакінуць залу праваабаронцам, якія нібыта гучна перамаўляліся, а потым выдаліла журналіста Сяргея Салодкіна, распавёў праваабаронца Павел Левінаў:

– Журналіста суддзя выдаліла з пасяджэння падчас разбору крымінальнай справы Кірыленкі толькі за тое, што ў журналіста ў руках быў дыктафон. Яна вырашыла, што падчас судовага разбіральніцтва весці аўдыёзапіс недапушчальна.


Падсуднаму Аляксандру Кірыленку пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Такое самае пакаранне пагражае і Андрэю Цімафеенку, які адштурхнуў супрацоўніка ўнутраных войскаў, які замінаў праходу калоны. Гэта здарылася таксама 6 верасня, і справу таксама разбірае суд Кастрычніцкага раёна.

Суддзя Сняжана Кіндзеева таксама абмежавала колькасць прысутных падчас судовага працэсу, і праваабаронцы Ірыне Траццяковай давялося тэлефанаваць у Вярхоўны суд са скаргай.

На яе думку, падобная тактыка судоў невыпадковая: – Незалежна ад плошчы судовай залі, усе спасылаюцца на кепскую эпідэміялагічную абстаноўку. Але правілы дыстанцыявання выконваюцца. Затое адсутнасць журналістаў і праваабаронцаў сведчыць пра тое, што не выконваюцца правілы адкрытасці і галоснасці – пасля 9 жніўня, калі было абвешчана, што “законы могуць і не дзейнічаць”.

На думку праваабаронцаў, суды па палітычна матываваных крымінальных справах адмыслова праводзяцца ў амаль што закрытым рэжыме, каб прыхаваць парушэнні падчас следства і судовых разбіральніцтваў. Бо незалежныя журналісты робяць такія факты здабыткам галоснасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя