Трансляцыю Сусветнага кангрэса беларусаў заблакавалі


Запіс трансляцыі Сусветнага кангрэса беларусаў, які прайшоў 31 кастрычніка, стаў недаступным.

— Нашу трансляцыю заблакавалі. Мы разбіраемся. Хутка будзем выкладваць запісы з Zoom, — тлумачаць арганізатары кангрэса.

У анлайн-марафоне разам са шматлікімі спікерамі паўдзельнічалі Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала. Яны падзяліліся меркаваннем пра метады барацьбы з рэжымам, які дзейнічае ў Беларусі, актыўнасць прафсаюзаў і фонды дапамогі.

— Я да апошняга цягнула, я не думала, што гэта спатрэбіцца, — разважае Ціханоўская пра эканамічныя санкцыі.

— Меркавала, што ўсё ж улада адумаецца, таму што яны бачаць, што адбываецца, што народны рух не спыніцца. Цяпер я разумею, што рыторыка, вядома, павінна быць нашмат больш жорсткая. Таму што гвалт не спыняецца, рэпрэсіі ўзмацняюцца. Таму, вядома, цяпер эканамічныя санкцыі — я таксама бачу гэта як адзіны выхад з сітуацыі.

Анлайн-мерапрыемства, у якім паўдзельнічала больш за 100 суайчыннікаў з усяго свету, прайшло ўпершыню. Арганізатары Сусветнага кангрэса беларусаў ставілі сваёй мэтай кансалідацыю "сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага, навуковага патэнцыялу нацыі для вырашэння наяўнага крызісу і распрацоўкі плана пабудовы новай свабоднай Беларусі".




Крыніца: Еўрарадыё